Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці павіншаваў з 80-гадовым юбілеем Івана Жука, жыхара вёскі Лозкі.

Іван Паўлавіч нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, у якой выхоўвалася сямёра дзяцей. Іван быў старэйшым – апора і памочнік для бацькоў. Скончыў усяго 7 класаў Лявонавіцкай школы, а 8-ы клас заканчваў у вячэрняй школе, бо днём трэба было працаваць у полі, каб пракарміць вялікую сям’ю.

Іван пайшоў працаваць у калгас. Ён прывык да цяжкай сельскай працы, таму спрытна кіраваў канём, выконваючы розныя работы па апрацоўцы зямлі. Затым адвучыўся на механізатара ў Казлоўшчынскім СПТВ і стаў працаваць на гусенічным трактары. Неўзабаве ў Івана ўзнікла жаданне памяняць прафесію. Паехаў на курсы газавікоў у Гродна. Скончыў іх, нават крыху папрацаваў, але душа рвалася назад, туды, дзе можна было кіраваць сваім “жалезным канём”. І ў выніку сваёй цяжкай, але любімай прафесіі Іван Паўлавіч аддаў амаль 46 гадоў жыцця.

У выхадныя вечарамі ўся моладзь збіралася ў клубе на танцах, там і адбылося знаёмства з будучай жонкай Марыяй. У сям’і нарадзіліся двое дзяцей – сын Сяргей і дачка Ларыса. Радуюць Івана Паўлавіча трое ўнукаў і пяцёра праўнукаў.

У 2022 годзе здарылася няшчасце – Іван Паўлавіч і жонка Марыя цяжка захварэлі на каранавірус. Любімай жонкі не стала, а мужчына так і не прыйшоў у норму – амаль аслеп.

У жыцці часам бываюць цікавыя гісторыі, такая адбылася і ў Івана Паўлавіча. Яшчэ пры жыцці жонка набыла маленькага шчанюка, якога назвалі Малыш. І вось Малыш стаў вялікім памагатым. Ласкавы, вельмі добры і разумны сабака цяпер не адыходзіць ад гаспадара ні на крок. Неверагодна, але выконвае некаторыя яго просьбы – ведае, што менавіта падаць, адчувае, калі павінна прыехаць сястра Таісія – чакае яе на прыпынку, каб праводзіць да брата.

– Я амаль нічога не бачу, але Малыш як павадыр служыць мне. Вельмі дапамагае ў цяперашнім маім нялёгкім жыцці. Дзеці, вядома, клічуць да сябе, але я пакуль спраўляюся сам, – расказвае мужчына.

– Брат – моцны духам чалавек. Вельмі мэтанакіраваны. Перанёс два інфаркты і інсульт са стратай рухальнай функцыі рукі і нагі, але здолеў за год аднавіцца, бо рабіў спецыяльныя практыкаванні. Мы, малодшыя сёстры і браты, вельмі ўдзячныя яму за тое, што ён нам быў як другі бацька. Выхоўваў нас, падтрымліваў, абараняў, матэрыяльна ўсім дапамагаў. Жадаем яму здароўя, бадзёрасці духу і дабрабыту. Няхай у яго ўсё будзе добра, – гаворыць сястра Таісія.

– Маладому пакаленню жадаю не баяцца цяжкасцяў – гэта часова, быць працавітымі і весці здаровы лад жыцця, – такімі пажаданнямі маладому пакаленню скончылася чарговая сустрэча яшчэ з адным равеснікам Вялікай Перамогі нашага раёна Іванам Жуком.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации