Сістэма спажыўкааперацыі на Дзятлаўшчыне – гэта Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства – шматгаліновая структура, якая ажыццяўляе розныя віды дзейнасці.
Больш падрабязна пра яго работу расказала намеснік дырэктара філіяла Алеся Лазута:
– Работа скіравана на паляпшэнне абслугоўвання насельніцтва і ажыццяўленне эфектыўнай дзейнасці. Наш філіял забяспечвае занятасць, стабільны даход і сацыяльныя гарантыі для 480 работнікаў, абслугоўвае 65,9 тысячы насельніцтва двух (Дзятлаўскага і Навагрудскага) раёнаў, 38 % якога – жыхары сельскай мясцовасці. Па выніках дзейнасці ў 2024 годзе Дзятлаўскі філіял выканаў усе даведзеныя прагнозныя паказчыкі (8 з 8), за 4 месяцы бягучага – 6 з 8 даведзеных. На мадэрнізацыю і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы галінаў летась было накіравана больш за 1113 тысячы рублёў, па выніках чатырох месяцаў гэтага года – больш за 432 тысячы рублёў.


Вядучай у сістэме спажывецкай кааперацыі застаецца гандлёвая галіна, прыярытэтная задача якой – забяспечыць якаснае абслугоўванне, у першую чаргу сельскага насельніцтва. На сёння наш філіял з’яўляецца асноўным аператарам па гандлёвым абслугоўванні гэтай катэгорыі жыхароў Навагрудскага і Дзятлаўскага раёнаў. У сельскай мясцовасці размешчаны 41, або 63,1 % магазінаў філіяла. Нараўне са стацыянарнымі аб’ектамі гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў ажыццяўляюць 15 аўталавак. Для паляпшэння якасці іх работы абнаўляем машынны парк: у 2024 годзе набыты тры спецыялізаваныя аўтамагазіны і дзве хлебныя машыны, у студзені 2025-га – адзін аўтамагазін, у сакавіку – дзве хлебныя машыны.


Для прыцягнення пакупнікоў і забеспячэння канкурэнтнага ўзроўню цэн у гандлёвай сетцы на пастаяннай аснове праводзяцца акцыі. У маркетынгавых мерапрыемствах удзельнічаюць звыш 50 пастаўшчыкоў, з якімі адпрацаваны акцыйны пакет тавараў (больш за сто пазіцый), па якіх пастаўшчыкамі прадастаўлены зніжкі з цаны.
За апошнія гады праведзена маштабная работа па ўкараненні сучасных падыходаў да арганізацыі гандлёвых працэсаў, як следства – якасць сэрвісу, цэны на тавары, іх асартымент у сельскай мясцовасці не горшыя, чым у горадзе. Сёлета прадоўжана аўтаматызацыя гандлёвай сеткі і аўтамагазінаў, яе адметнасць у тым, што пакупнікі пры аплаце атрымліваюць змястоўны квіток, дзе падрабязна пазначаны найменні, вага і кошт набытага тавару.


Дзятлаўскі філіял з’яўляецца ўдзельнікам сацыяльнай праграмы, якая ажыццяўляецца ў нашай краіне, па прадастаўленні скідак на тавары першай неабходнасці сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян. За мінулы год у гандлёвай сетцы філіяла прадастаўлена сацыяльных скідак на 176 тысяч рублёў, за чатыры месяцы гэтага – на 62 тысячы.

Яшчэ адна галіна, якая забяспечвае нам канкурэнтныя перавагі – прамысловасць. За кошт яе мы здольны запоўніць прылаўкі ўласных магазінаў і пазасістэмных спажыўцоў натуральнай прадукцыяй запатрабаванага асартыменту. Для павышэння яе якасці і паляпшэння ўмоваў працы вытворчых работнікаў ажыццяўляліся мерапрыемствы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы прамысловых прадпрыемстваў: летась на гэта патрачана больш за 133 тысячы рублёў. Укладзеныя сродкі і работа па абнаўленні асартыменту прадукцыі станоўча паўплывалі на якасць. Смачныя і натуральныя хлебабулачныя і кандытарскія вырабы заваёўваюць не толькі прызнанне спажыўцоў, але і прэстыжныя ўзнагароды на міжнародных конкурсах-аглядах якасці. Сёлета прадукцыя кааператыўнай прамысловасці заваявала тры гран-пры першай ступені (вітушка “Аніта”, рулеты “Макаўнік” і “Святочны з макам”).

Для папулярызацыі выпускаемай прадукцыі Дзятлаўскім філіялам у мінулым годзе праведзена 14 выставаў-дэгустацый.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga