Рухавым мурашом бяжыць па ніве трактар “Беларус” з прэс-падборшчыкам. Час ад часу ён пакідае за сабой вялікія валкі саломы. Па блакіце неба гуляюць лёгкія хмары. Краявід такі, што хоць карціну малюй. Прыгажосць гэту, кіруючы трактарам ААТ “Граніт-Агра”, стварае Дяніс Болтач – старшы інструктар-ратаўнік пажарнага аварыйна-ратавальнага паста № 12 гарпасёлка Наваельня, а на жніве – запрошаны механізатар.
У гэтым годзе старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў звярнуўся да кіраўніцтва МНС з просьбай выдзеліць дадатковых работнікаў для адвозкі саломы з палёў у час уборачнай кампаніі, і ведамства аператыўна адрэагавала, скіраваўшы асабовы састаў у дапамогу гаспадаркам.
Для штогадовай практыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі падтрымка аграпрамысловага сектара краіны ў час уборачнай кампаніі – гэта правіла без выключэнняў. Супрацоўнікі сферы не толькі сочаць за бяспекай у час самых актыўных сезонных работ, але і самі далучаюцца да збору ўраджаю ў якасці памочнікаў камбайнераў, вадзіцелямі на адвозцы збожжа, у вольны ад дзяжурства час становяцца аператарамі збожжасушыльных комплексаў, задзейнічаны на іншых відах сельгасработ. Як заявіў журналістам у пачатку сёлетняга жніўня міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, да ўборкі ўраджаю па краіне падключыліся 237 ратаўнікоў.

Дзяніс Болтач адзін з іх. Ён працуе ў экстраннай службе ўжо 17 гадоў. Сезонаў пяць таму дапамагаў ААТ “Граніт-Агра” на жніве памочнікам камбайнера. У гэтым годзе прапанову ўключыцца ў жніўную кампанію атрымаў ад начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Казушчыка. У сваім выбары не вагаўся, бо жыве ў сельскай мясцовасці і на ўласным вопыце ведае, як няпроста здабываецца ўраджай, наколькі важна сабраць яго ў сціслыя тэрміны, каб ветрам не палажыла, не замачыла дажджом або пераспелыя зярняты з калоссяў не высыпаліся на зямлю. Зразумела, што з пачаткам уборачнай кожны работнік у аграсектары на вагу золата, што казаць пра ратаўнікоў, якія з’яўляюцца ўніверсальнымі спецыялістамі. Дзянісу Валер’евічу па асноўным месцы службы даводзіцца выязджаць на пажары, надзвычайныя сітуацыі, дарожныя аварыі, лавіць змей, ліквідаваць джаланосных насякомых, выконваць іншыя баявыя задачы ў самых экстрэмальных умовах, калі людзям патрэбна дапамога. Ды і мясцовая гаспадарка для Дзяніса Болтача не чужая, бо ў ААТ “Граніт-Агра” аграномам працуе яго жонка Надзея Міхайлаўна, праўда, цяпер яна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе паўтарагадовага сына.
На пытанне, ці не складана сумяшчаць службу і работу, Дзяніс Валер’евіч упэўнена адказвае:
– Ратаўнікі не павінны схіляцца перад цяжкасцямі, ды і да сельскай работы мне не прывыкаць, увогуле ўборка хлеба – справа святая, бо ад яе залежыць харчовая бяспека краіны, а супрацоўнікі МНС павінны прафесійна стаяць на варце бяспекі.

Пры гэтым работнік прызнаецца, што напружаны графік пакідае яму няшмат часу на сям’ю, аднак жніво доўжыцца некалькі тыдняў, а потым жыццё зноў увойдзе ў звыклае русла.
Дзяніс Валер’евіч з жонкай Надзеяй Міхайлаўнай гадуюць трох сыноў. Старэйшаму Арцёму дванаццаць гадоў, ён, як і бацька, марыць стаць ратаўніком, сярэдняму Максіму восем, ён яшчэ не задумваецца аб выбары прафесіі, маленькаму Цімафею паўтара гадкі. Болтачы любяць бавіць вольны час разам. Галоўнае з сямейных захапленняў – гэта сумесныя вандроўкі па Беларусі, а найбольш улюбёны айчынны курорт – бераг возера Свіцязь.
Шматдзетная сям’я жыве ў вёсцы Данілавічы, трымае вялікую гаспадарку, садзіць агарод і бульбу, нядаўна Дзяніс Валер’евіч захапіўся яшчэ і вырошчваннем маліны. У будучым ён марыць значна павялічыць на прысядзібным участку пасадкі гэтай смачнай і карыснай ягады. Ратаўнік лічыць сябе шчаслівым чалавекам і на пытанне аб марах адказвае, што ўжо дабіўся, чаго хацеў у жыцці. Разам з тым, разважаючы аб будучым, зазначае, што пасля выхаду на заслужаны адпачынак, магчыма, зменіць форму МНС на спецадзенне механізатара. Зямля для беларуса – месца сілы, клопат аб ёй дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Удзельнікам жніва Дзяніс Болтач пажадаў здароўя, цярпення, плёну ў рабоце, і каб каравай-2026 быў больш важкі за мінулагодні.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае