У вёсцы Зарой Данілавіцкага сельсавета ўрачыста адзначылі 80 гадоў Вялікай Перамогі.

На свята сабраліся вяскоўцы, госці-землякі з Баранавічаў, Гродна, Мінска, Барысава, Навагрудка, а таксама з суседняй Расіі, Падмаскоўя, Ніжнявартаўска. Наогул, тут сышліся больш за 70 чалавек.

Добры настрой гледачам дарылі артысты Дварэцкага дома культуры Людміла і Аляксандр Баклушыны, Данілавіцкага – Таццяна Буча, Іна Анушкевіч, Валянціна Майсейка, Святлана Грос, Новаяльнянскага – Анастасія Клімец, якая пакарыла прысутных сваёй абаяльнасцю і артыстызмам. Не пакінула нікога раўнадушным выступленне Алега Какарэкі з Навагрудка.

Гучалі вершы і песні не толькі пра вайну, але і нашу родную краіну, беларускую вёску. Кожны нумар канцэрта гледачы сустракалі цёплымі апладысментамі, разам спявалі, танцавалі, віталі ўсіхсцяжкамі з беларускай сімволікай.З вялікім болем у душы жыхары ўшанавалі памяць сваіх загінулых на вайне землякоў хвілінай маўчання.


Прыемным момантам свята стала ўзнагароджанне падзячнымі лістамі вяскоўцаў, якія неабыякавыя да лёсу сваёй малой радзімы, робяць усё, каб яна жыла і прыгажэла.
Як стараста вёскі Зарой, выказваю словы шчырай падзякі яе жыхарам за маральную і матэрыяльную падтрымку,дырэктару Данілавіцкага дома культуры Святлане Грос, кіраўніцтву мясцовага ААТ “Граніт-Агра”, якія заўсёды адгукаюцца на просьбы і прапановы.

Свята закончылася, але яшчэ доўга гучалі песні, лілася музыка акордаў баяна. Вяскоўцы запрашалі артыстаў прыязджаць да іх часцей, на што тыя адказалі: “Запрашайце, куды-куды, а ў Зарой заўжды гатовы!”. А колькі цёплых словаў нам адрасуюць зусім незнаёмыя людзі ў інтэрнэце!

“Няхай на нашай зямлі цвітуць палявыя кветкі. Няхай на нашай зямлі чуецца дзіцячы смех. Няхай па вуліцах гарадоў і вёсак крочаць, усміхаючыся, закаханыя. І ніколі-ніколі сем прыемных колераў вясёлкі не пераўтворацца ў адзін – чорны. Няхай пануе мір на нашай зямлі”, – такія словы прагучалі на развітанне.
Станіслаў САС,
стараста вёскі Зарой
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga