Пытанне: як непаўналетніх у наш час уцягваюць у збыт наркотыкаў?
Адказвае старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Павел Бараноўскі:
– Незаконны абарот наркотыкаў застаецца адной з сусветных праблем, для якой не існуе межаў. У Беларусі з кожным годам расце колькасць выяўляемых нарказлачынстваў. Найбольшы ўплыў на гэты працэс маюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Інтарэс наркадылераў да інтэрнэту абумоўлены тым, што ён забяспечвае ўмовы для канспіратыўнай камунікацыі пастаўшчыкоў і спажыўцоў наркасродкаў, а таксама для вырашэння іншых крымінальных задач, у ліку якіх каардынацыя дзейнасці трансгранічных злачынных груп і рэалізацыя схем па адмыванні грошай. Збыт наркотыкаў ажыццяўляецца бескантактным спосабам праз размяшчэнне закладак, а разлік – з выкарыстаннем крыптавалюты і платежных сістэм, мінімальна звязаных з банкаўскай сферай.
Найчасцей злачынствы ўчыняюць маладыя людзі 16-17 гадоў, аднак здараюцца выпадкі затрымання падлеткаў 13-14 гадоў, якія таксама трапляюць у групу рызыкі. Цяпер непаўналетнія не толькі з’яўляюцца спажыўцамі, але і распаўсюджвальнікамі псіхатропаў. Гэта звязана з тым, што для гандлю бескантактным спосабам арганізатарам інтэрнэт-магазінаў патрэбна сетка выканаўцаў для распаўсюджвання закладак. Юным “работнікам” абяцаюць вялікія грошы, гаджэты, моднае адзенне. Злачынцаў, якія спакушаюць падлеткаў, знайсці даволі цяжка, затое проста адшукаць непаўналетніх правапарушальнікаў, якія згадзіліся на лёгкі заробак.
Непаўналетнія і іх бацькі павінны ведаць, што крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў пачынаецца з 14 гадоў. Самыя жорсткія санкцыі прадугледжаны пры смяротным выпадку ад ужывання псіхатропаў, за што збытчыку пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі.
Каб не выпусціць з поля зроку праблему, дарослыя павінны звяртаць увагу на такія прыкметы, як выкарыстанне непаўналетнімі пэўных месенджараў, асабліва, што ўтрымліваюць чаты ў закрытых групах з праграмамі для схаваных ІР-адрасоў, дадаткаў для вызначэння GPS-кардынат. Наркадылеры актыўна выкарыстоўваюць розныя крыптаграфічныя месенджары, ананімныя браўзеры, хостынгі і файлаабменнікі для захоўвання фотаздымкаў з выявамі знаходжання наркотыкаў. Сутнасць падобных браўзераў у тым, што яны дазваляюць наведваць сайты, заблакіраваныя ў краіне пражывання, застаючыся непрыкметнымі. Выкарыстоўваюцца і дадаткі, якія дазваляюць накладаць GPS-кардынаты на фотаздымкі. Большасць падобнага праграмнага забеспячэння звычайнымі карыстальнікамі не ўжываецца. Бацькі павінны звярнуць увагу на электронныя кашалькі і грошы на іх у дзяцей, наяўнасць банкаўскіх картак, якія самі не афармлялі, шматлікія фотаздымкі мясцовасці на тэлефоне, насцярожыць павінны электронныя вагі, пакецікі, частыя паездкі ў розныя гарады, новыя дарагія рэчы, значныя грашовыя сумы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga