Пытанне: што трэба ведаць бацькам падлеткаў аб рызыках, якія падпільноўваюць дзяцей у інтэрнэце?
Адказвае памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна Ірына Забеліна:
– Падлеткавы ўзрост нездарма называюць “складаным, пераходным”. Службы прафілактыкі надаюць гэтаму перыяду ў жыцці дзяцей найбольш увагі. У наш час рызыкі чакаюць падлеткаў не толькі ў жыцці, але і ў інтэрнэце, дзе непаўналетнія асабліва актыўныя. Цяпер больш за пяць тысяч тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаны экстрэмісцкімі, іх спіс надрукаваны на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, раю ўсім бацькам з ім азнаёміцца. На жаль, гэтыя каналы немагчыма выдаліць з сусветнай сеткі, аднак распаўсюджванне інфармацыі з іх, а таксама капіраванне, захаванне на любых носьбітах, нават “лайкі” з’яўляюцца адміністрацыйным правапарушэннем. Любы, хто скачае яе на тэлефон, падпадае пад артыкул адміністрацыйнага кодэкса. Падобныя факты прадаўжаюць выяўляцца, асабліва сярод маладых людзей.
Найчасцей непаўналетніх спакушае адчуванне ананімнасці ў інтэрнэце, аднак праваахоўным органам не складана адсачыць усе дзеянні і асобу любога карыстальніка. Скідваць на экстрэмісцкія каналы інфармацыю, фотаздымкі, даваць каментарыі – гэта ўжо крымінальная адказнасць, якая прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Як прыклад, за падобныя дзеянні навучэнец-падлетак адной з сярэднеспецыяльных установаў адукацыі Гродзенскай вобласці не так даўно быў заключаны пад варту, а разам з ім і педагог. У 2025 годзе аддзелам унутраных спраў Дзятлаўскага раёна таксама быў зарэгістраваны матэрыял праверкі па факце стварэння падлеткамі ў месенджары дыскорд групы, дзе размяшчаліся выявы нацысцкага характару. На двух непаўналетніх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за прапаганду і публічную дэманстрацыю нацысцкай атрыбутыкі. Па пастанове суда Дзятлаўскага раёна да іх былі выкарыстаны меры выхаваўчага ўздзеяння.
Каб пазбегнуць непрыемных сітуацый, бацькам варта наладжваць з дзецьмі даверлівыя адносіны, тлумачыць ім, якія паводзіны ў інтэрнэце з’яўляюцца парушэннем закона і цягнуць за сабой адказнасць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga