Проста выконвалі сваю работу

Ім было ўсяго па 20 гадоў.

Юныя, поўныя рамантыкі медыкі, якія ехалі выконваць свой працоўны абавязак. Людміла Рудзік і Людміла Глубокая пазнаёміліся ў забруджанай зоне, разам удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, а ў хуткім часе лёс падарыў ім другую сустрэчу – у Дзятлаўскім  раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дзе абедзве працуюць памочнікамі доктара-гігіеніста.

– Калі здарылася аварыя на ЧАЭС, я была ў штаце абласнога цэнтра гігіены ў Гродне. Мы сталі першай у вобласці брыгадай медыцынскіх работнікаў, сабранай з усёй нашай Гродзеншчыны, пад кіраўніцтвам галоўнага доктара абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валерыя Васільева, – расказвае Людміла Рудзік. – У Хойніцкім раёне пазнаёміліся з будучай калегай Людмілай Браніславаўнай, камандзіраванай з Мастоўшчыны.

Гэта былі майскія святы, калі хацелася жыць, любіць увесь свет і святкаваць ад душы. Пра радыяцыю ніхто не ведаў і нават не ўяўляў сапраўдную небяспеку. Але яна была. У мясцовасці, дзе працавалі жанчыны, установы зачынілі, але заставаліся прадпрыемствы і гандаль, насельніцтва груп рызыкі эвакуіравалі, ішла дэзактывацыя і аднаўленне тэрыторыі. Але там былі людзі, пераважна старажылы, якія ўпарта трымаліся за свой дом і заставаліся на малой радзіме.

– Нашай задачай было сачыць за якасцю прадуктаў харчавання ў падсобных гаспадарках і гандлёвай сетцы, вымяраць узровень радыяцыі на навакольнай тэрыторыі, – тлумачыць Людміла Глубокая.

Дзесяць дзён, якія яны знаходзіліся на Гомельшчыне, жанчынам запомніліся на ўсё жыццё. Жылі ў спартыўнай зале: на адзін бок – жанчыны, на другі – мужчыны, працавалі ў будынках дзіцячых садоў, куды прыходзілі людзі, каб праверыць прадукты харчавання, і многія з іх паказвалі высокі ўзровень радыяцыі.

– Тое, што знаходзілася глыбей за 10 сантыметраў у зямлі, не “фаніла”, а што вышэй – практычна ўсё было забруджана, – расказвае Людміла Вацлаваўна. – Я правярала прадукты на наяўнасць цэзію, а Людміла Браніславаўна працавала ў выязной брыгадзе.

– Самымі складанымі ў камандзіроўцы былі абмежаванні ва ўсім: нельга было гуляць, нават паркавацца ў пэўных месцах, ужываць многія прадукты, – успамінаюць жанчыны.

Медыкі працавалі па 12 гадзін у суткі без магутных сродкаў індывідуальнай абароны, каб не палохаць яшчэ больш мясцовае насельніцтва. Ды і не ведалі, як напэўна абараняцца ад радыяцыі: яна не адчувалася ніяк, толькі калі ўвечары ішлі ў душ, мутнымі кроплямі сцякала ўніз. Родным пра асаблівую камандзіроўку не паведамлялі, не хацелася хваляваць.

– Што для вас азначае статус ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, які вы маеце? – пытаюся ў суразмоўніц.

– Мы і нашы калегі проста выконвалі сваю работу як тады, так і цяпер, яна ў медыкаў ва ўсе часы няпростая. У нас ёсць пасведчанні ліквідатараў, медалі як напамін аб тым, што мы таксама мелі дачыненне да гэтых падзей, дапамагалі людзям, як і многія нашы землякі, – адзначае Людміла Рудзік.

 – Як вы ставіцеся да таго, што ў нашай краіне працуе Астравецкая АЭС?

– Давяраем сваёй дзяржаве, спецыялістам і сучасным тэхналогіям, якія крочаць далёка наперад. Верым у тое, што беларускі атам будзе па-сапраўднаму мірным, – адказвае Людміла Глубокая.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Дзелавы панядзелак. Камунальныя паслугі. Хто не плаціць?

Навядзенне парадку, разлік за жыллёва-камунальныя паслугі, работа з насельніцтвам па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці, кірмаш вакансій,…

12 часов ago

У райвыканкаме. Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і заслужаныя ўзнагароды

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледзелі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна за дзевяць месяцаў бягучага…

13 часов ago

Новые вице-премьер и помощник Президента. Александр Лукашенко принял кадровые решения и поставил задачи для АПК

Президент Беларуси Александр Лукашенко 23 ноября рассмотрел кадровые вопросы, передает корреспондент БЕЛТА. Глава государства назначил:…

14 часов ago

Каго можна абмежаваць у дзеяздольнасці?

Пытанне: ці з’яўляецца абмежаванне ў дзеяздольнасці дзейснай мерай для барацьбы з алкагалізацыяй членаў сям’і? Адказвае…

15 часов ago

ПРО:Безопасность. Чем не стоит топить печь?

С наступлением отопительного сезона вопросы безопасной эксплуатации печного отопления становятся особенно актуальными. Неправильный выбор топлива…

17 часов ago

Моладзевыя навіны. Хто на Дзятлаўшчыне “Лідар года-2026”?

Адбыўся раённы этап рэспубліканскага моладзевага конкурсу “Лідар года-2026”. У фінале вочнага тура за званне лепшага…

17 часов ago