На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, дырэктара Гродзенскага Цэнтра прававой інфармацыі Алены Капіца разгледзелі пытанне, якое датычылася эфектыўнасці мер, накіраваных на процідзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў і прафілактыку іх спажывання на тэрыторыі раёна.

Аналіз крымінагеннай сітуацыі, якая складваецца на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна па лініі незаконнага абароту наркотыкаў, сведчыць аб тым, што ў агульнай структуры злачыннасці ўдзельная вага супрацьпраўных дзеянняў дадзенай катэгорыі адносна невялікая. За першы квартал 2026 года супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама выяўлены толькі два злачынствы, прычым за межамі нашага раёна.

Як падкрэсліў пракурор раёна Віталій Юрго, сітуацыю можна назваць латэнтнай, аднак руку варта трымаць на пульсе.

Па інфармацыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, супрацоўнікам групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі штомесяц праводзіцца зверка з доктарам-нарколагам Дзятлаўскай ЦРБ у дачыненні да асоб, якія стаяць на дыспансерным і прафілактычным уліку ў сувязі са спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў.

У бягучым годзе фактаў атручвання грамадзян наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна зарэгістравана не было, памяшканні, спецыяльна прыстасаваныя для вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін, вырабу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, не выяўляліся.

У рамках рэалізацыі комплекснага плана мерапрыемстваў па прафілактыцы наркаманіі і супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, сацыяльнай рэабілітацыі нарказалежных асоб на 2025-2026 гады суб’ектамі прафілактыкі раёна пастаянна праводзяцца інфармацыйныя, растлумачальныя сустрэчы з дарослым насельніцтвам і моладдзю; праз сродкі масавай інфармацыі, Адзіныя дні інфармавання, стрым-семінары распаўсюджваецца інфармацыя антынаркатычнага характару, якая ўключае ў сябе даныя аб адказнасці, згубнасці ўплыву наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў на арганізм, вынікі спецпраграм; праводзяцца экскурсіі для падлеткаў у папраўчыя ўстановы для рэальнай сустрэчы і размовы з асуджанымі за незаконны абарот наркотыкаў.

Упраўленнем па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама ўстаноўлены недахопы ў справаздачнай дакументацыі цэнтральнай раённай бальніцы. Галоўны доктар Віктар Яцкевіч на пасяджэнні запэўніў, што вінаватыя работнікі прыцягнуты да адказнасці, на працягу года на яго асабістым кантролі будзе работа доктара псіхіятра-нарколага, у жніўні чакаецца прыбыццё маладога спецыяліста па гэтым профілі – адпаведна псіха-наркалагічная служба бальніцы будзе даўкамплектавана кадрамі.

Спыніліся на тэме барацьбы праваахоўнікаў з незаконнымі пасевамі нарказмяшчальных раслін. Нягледзячы на штогадовае правядзенне спецыяльных мерапрыемстваў, насельніцтва ігнаруе патрабаванні заканадаўства і вырошчвае для ўласных патрэбаў або пакідае на агародзе для прыгажосці дзікарослы мак. За 2025 год на Дзятлаўшчыне было зафіксавана 12 выпадкаў вырошчвання гэтай расліны на падворках грамадзян. Міліцыя заклікае грамадзян не парушаць закон.

– Асноўная работа – прафілактычная, і асабліва – з моладдзю. Як неаднаразова адзначаў Прэзідэнт нашай краіны: “пакуль будзем змагацца толькі з наступствамі, а не з прычынамі, карэннага паляпшэння сітуацыі не атрымаем. Самы эфектыўны бар’ер на шляху распаўсюджвання наркотыкаў – гэта іх татальнае непрыняцце грамадствам. Не будзе попыту, не будзе і прапаноў”. Таму дзейнічаць неабходна на апярэджанне па лініі ўстановаў адукацыі, аховы здароўя і, вядома, перш за ўсё, сям’і. Увага таксама сацыяльнай рэабілітацыі і працаўладкаванню грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Наркаманія – агульны боль, зло, якое ламае лёсы людзей, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, звяртаючыся да суб’ектаў прафілактыкі раёна напрыканцы пасяджэння.  

Ірына КАМАРОВА

Фота Наталлі АВЯРЧУК

Похожие публикации