27 лістапада пад старшынствам пракурора Дзятлаўскага раёна Віталія Юрго адбылося пасяджэнне раённай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй з удзелам пракурора Гродзенскай вобласці Аляксандра Жукава, старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

На парадак дня было вынесена актуальнае пытанне “Аналіз работы, якая праводзіцца на Дзятлаўшчыне па прафілактыцы п’янства, правапарушэнняў і злачынстваў, што ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення”. Удзел у абмеркаванні прымалі члены каардынацыйнай нарады, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

З дакладам аб рабоце ў гэтым кірунку выступіў Віталій Юрго:

– Намаганні праваахоўных органаў ва ўзаемадзеянні з іншымі суб’ектамі прафілактыкі паўплывалі на паляпшэнне крымінагеннай абстаноўкі на Дзятлаўшчыне: за студзень-кастрычнік колькасць злачынстваў па ўсіх лініях уліку знізілася са 109 да 84, а тэмп зніжэння склаў 22,9 % у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Узровень злачыннасці ў нашым раёне адзін з ніжэйшых на Гродзеншчыне – 37,8 у параўнанні з сярэднеабласным 55,9 за дзесяць месяцаў бягучага года. За гэты перыяд у два разы – з 14 да 7 – зменшылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, з 33 да 18 – крадзяжоў, з 16 да 12 – махлярстваў, з 29 да 17 – рэцыдыўных, з 9 да 5 – звязаных з хатнім гвалтам, з 11 да 8 – у грамадскіх месцах, з 62 да 40 – у сельскай мясцовасці, з 3 да 2 – групай асоб. Не рэгістраваліся наўмысныя нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбоі, вымагальніцтвы, гвалты, хуліганствы. Аднак назіраецца рост злачынстваў і правапарушэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення: усяго іх зарэгістравана 28, а ўдзельная вага павялічылася з 32,2 % да 46,7 % і з’яўляецца самай высокай на Гродзеншчыне. Павялічылася з 606 да 651 колькасць правапарушэнняў, учыненых пад уздзеяннем алкаголю. За незаконны абарот алкагольнай прадукцыі да адназнасці прыцягнуты 4 асобы (летась 14), канфіскаваны 51 літр кантрафакту (604 літры), у лячэбна-працоўны прафілакторый ізаляваны 31 чалавек (32). На 1 лістапада 2025 года на ўліку ў доктара-нарколага было 603 асобы. За дзесяць месяцаў на дыспансерны ўлік доктара-нарколага пастаўлены 31 чалавек, зняты ў сувязі з рэмісіяй 32, са смерцю – 11, па артыкуле 107 КК РБ на ўліку было 76 асоб, ухіляліся ад прымусовага лячэння 56, судом прызначана лячэнне 11 асобам, спыенеа ў адносінах да 5.


Варта адзначыць, што не арганізавана патрэбнае ўзаемадзеянне паміж раённым аддзелам унутраных спраў і ўстановай аховы здароўя па пытаннях выканання судовых рашэнняў аб прымусовым лячэнні па артыкуле 107 КК РБ. Бальніцай у райаддзел міліцыі было накіравана 131 паведамленне аб прывадзе такіх асоб, ні адно з іх не выканана. Праведзеныя пракуратурай мэтавыя праверкі таксама выявілі парушэнні.
Сярод характэрных недахопаў Віталій Юрго назваў няпоўнае выкарыстанне крымінальна-выканаўчай інспекцыяй мераў уздзеяння, дазволеных заканадаўствам, аслаблены кантроль за асобамі, якія не працуюць і злоўжываюць алкаголем, фармальная работа камісій па прафілактыцы п’янства ў арганізацыях, адсутнасць выязных пасяджэнняў саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку на базе прадпрыемстваў, дзе выяўлены выпадкі з’яўлення работнікаў у нецвярозым стане, слабая скаардынаванасць работы органаў, іншыя.

Пры абмеркаванні даклада Аляксандр Жукаў падкрэсліў, што перад службамі прафілактыкі раёна трэба ставіць больш канкрэтныя і дакладныя задачы і ўзмацняць кантроль за іх выкананнем.

Намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, выступаючы са справаздачай, расказаў, што раённы выканаўчы камітэт надае пільную ўвагу забеспячэнню грамадскага парадку і бяспецы людзей.


На Дзятлаўшчыне рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на папярэджанне правапарушэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, увагу гэтым пытанням надаюць больш за дваццаць органаў і камісій. Галоўная мэта такой дзейнасці – фарміраванне ў грамадстве негатыўнага стаўлення да ўжывання алкаголю, стварэнне ўмоў для здаровага ладу жыцця. Вадзім Аляксандравіч расказаў аб асноўных мерапрыемствах, якія ладзяцца для папулярызацыі здаровага ладу жыцця і сямейных каштоўнасцяў. Спыніўся і на рабоце назіральнай камісіі і камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку і ўкараненні практыкі сумесных пасяджэнняў гэтых органаў. Сярод мераў, якія дапамагаюць уключаць у працоўную дзейнасць не занятых у эканоміцы і асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і ЛПП, назваў кантроль службаў, мэтавыя мерапрыемствы, браніраванне працоўных месцаў, наяўнасць свабодных вакансій, у тым ліку па рабочых спецыяльнасцях.
У час абмеркавання інфармацыі было адзначана, што працаваць з залежнымі ад алкаголю складана, бо нават іх працаўладкаванне – не гарант, што сітуацыя паляпшаецца і ў хуткім часе не давядзецца ўсё пачынаць нанова. Менавіта таму кожны такі грамадзянін павінен быць на кантролі адказных службаў, а інфармацыя аб яго паводзінах паступаць ад наймальнікаў, суседзяў, грамадскасці, бо п’яныя дзеянні нярэдка вядуць да правапарушэнняў і трагедый у быце і на працы.
Дапоўніў тэму начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што барацьба з п’янствам і папярэджанне правапарушэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, з’яўляюцца важнымі задачамі для міліцыі.

Работа ажыццяўляецца па некалькіх напрамках, сярод якіх выяўленне месцаў незаконнай вытворчасці і рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, інфармацыйнае ўзаемадзеянне з насельніцтвам, рэйды ў час сяўбы і жніва, кантроль за дамашнімі скандалістамі, абавязанымі асобамі і тымі, якія знаходзяцца на розных відах уліку ці вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, іншае. Сярод найбольш выніковых мер Вадзім Шчурскі назваў ізаляцыю хворых на алкагалізм у ЛПП, сёлета туды накіраваны ўжо 33 чалавекі. Вядзецца работа ў адносінах да канкрэтных грамадзян з найбольш праблемнымі паводзінамі і “паслужным спісам”. А з 1 красавіка гэтага года пры цесным супрацоўніцтве з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, сельвыканкамамі рэалізуецца яшчэ і комплекс дадатковых мер па прыцягненні ў эканоміку незанятых. Калі спачатку ў спісе былі 1104 асобы, то цяпер іх колькасць зменшана да 998 чалавек, занятасць забяспечана або пацверджана ў 249.


У ходзе пасяджэння былі абмеркаваны праблемы, якія патрабуюць карэкціроўкі, у рашэнне нарады ўнесены прапановы.
Ірыны СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятлово #председатель #прокурор