У рамках сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці наведаў жыхарку вёскі Міроўшчына Жанну Варган.
Жанна Міхайлаўна вельмі паважаны тут чалавек. Менавіта за дзелавыя якасці жыхары выбралі яе старастай, і вось ужо трэці год яна знаходзіцца на гэтай адказнай пасадзе. Людзі часта звяртаюцца да яе па парады, і жанчына імкнецца ўсім дапамагчы ў вырашэнні надзённых праблем. Так, напрыклад, арганізавала навядзенне парадку на могілках у вёсцы Гірычы, каля паклонных крыжоў у Міроўшчыне. Дзякуючы Жанне Міхайлаўне, яе духоўнаму патэнцыялу, у былым будынку бібліятэкі рэгулярна праводзяцца сустрэчы жыхароў з настаяцелем Барысаглебскай царквы вёскі Накрышкі айцом Мікалаем, якія сталі сапраўднай крыніцай духоўнай падтрымкі для аднавяскоўцаў.
– Выказваем вялікую падзяку нашай паважанай Жанне Міхайлаўне за яе неацэнную працу і актыўную жыццёвую пазіцыю. Жадаем ёй здароўя, сіл, поспехаў ва ўсім яшчэ на доўгія гады, – часта можна пачуць у адрас старасты ад аднавяскоўцаў.

– Нарадзілася я ў вёсцы Хадзяўляны, – расказвае пра сябе жанчына. – Пасля дзевяці класаў спрабавала паступіць у Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум, але не пашанцавала. З даведкай аб здачы экзаменаў падала дакументы ў гандлёвы каледж у горадзе Дакучаеўску на Украіне, і мяне залічылі. Таксама скончыла інстытут грамадскіх прафесій – маю дыплом культарганізатара. Скончыўшы вучобу, вярнулася на радзіму, бо вельмі сумавала па доме. Выйшла замуж і стала жыць у вёсцы Міроўшчына. Працавала ў Дзятлаўскай сельгастэхніцы дыспетчарам, адсюль і пайшла на заслужаны адпачынак. Тут жа працаваў і мой муж, якога, на жаль, ужо дзесяць гадоў як няма. Дзеці мае дарослыя. Сын Андрэй жыве ў Мінску, дачка Вольга – у Гродне. Ёсць чацвёра ўнукаў, якія прыязджаюць кожнае лета на канікулы і не даюць сумаваць бабулі.

Жанна Варган вельмі творчы чалавек. Дзіўнай прыгажосці голас жанчыны гучаў і гучыць на мясцовай, раённай і абласной сцэнах, неаднаразова яна ўзнагароджвалася дыпломамі і граматамі.

– Вельмі люблю спяваць. Яшчэ ў час вучобы ў тэхнікуме выступала ў саставе вакальнай групы. Падабаецца, калі ў нашай вёсцы артысты з Дзятлава ладзяць добрыя канцэрты, нашы вясковыя гледачы любяць такія мерапрыемствы, – дзеліцца жанчына.

Жанна Міхайлаўна вельмі добры, шчыры, міласэрны чалавек. Яна хоць і на пенсіі, але яшчэ з’яўляецца сацыяльным работнікам – аказвае дапамогу жыхарам вёсак Труханавічы і Гірычы, якія маюць у гэтым патрэбу.

– Хачу адзначыць, што на маім жыццёвым шляху сустракалася шмат добрых людзей, якія мне дапамагалі і падтрымлівалі. Хачу пажадаць усім здароўя, дабрабыту, яснага неба над галавой і цаніць кожную гадзіну нашага мірнага жыцця, – гаворыць Жанна Міхайлаўна.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Годбелорусскойженщины