У культурна-пазнавальную экспедыцыю “Па сакрэты даўгалецця” ў вёску Дукрава адправіўся творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Іх ветліва сустракала ў сваёй утульнай хаце сведка амаль векавой гісторыі – 95-гадовая Алена Гірута. Юбілярка расказала пра свае сакрэты захавання бадзёрасці духу, паўсядзённыя звычкі, лад жыцця і адносіны да свету.

Нарадзілася Алена Браніславаўна на хутары паблізу вёскі Дукрава ў небагатай шматдзетнай сялянскай сям’і, у якой выхоўваліся чацвёра дзяцей. У тыя часы была аднаасобная гаспадарка, і сям’я мела невялікі надзел зямлі, хатнюю жывёлу, таму працавалі ўсе вельмі шмат. Алене ўдалося скончыць толькі адзін клас польскай школы.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяўчынцы было 10 гадоў. Яна на ўсё жыццё запомніла пачуццё страху, глыбокі боль ад гэтых трагічных падзей. Немцаў у вёсцы не было, толькі паліцаі. Яны бясчынствавалі, трымалі ўсіх жыхароў у страху, запалохваючы расстрэлам. Ім супрацьстаяў партызанскі атрад, які ўваходзіў у партызанскую брыгаду імя У. Леніна.

Да сярэдзіны 50-х гадоў аднаасобныя гаспадаркі былі ліквідаваны, а замест іх арганізаваны калгасы. У працэсе масавай калектывізацыі вёска Дукрава ўвайшла ў састаў калгаса імя К. Заслонава з цэнтрам у вёсцы Дварэц. Усе ў сям’і Алены Браніславаўны сталі членамі калгаса. Грошай там практычна не плацілі, за адпрацаваны дзень ставілі адзнаку ў ведамасці – працадзень. У канцы года на гэтыя працадні размяркоўвалі рэшткі ўраджаю (звычайна збожжа), калі яны заставаліся пасля выканання дзяржаўнага плана нарыхтовак. Адзіным спосабам выжыць для сям’і жанчыны заставаўся прысядзібны ўчастак і хатняя жывёла. Дзякуючы гэтаму не галадалі.

Выйшла замуж Алена Браніславаўна за мясцовага хлопца Аляксея, які тады працаваў лесніком. Пачалася ў іх новая старонка жыцця са сваімі радасцямі і клопатамі. Маладая сям’я пабудавала свой дом, нарадзіліся сыны Аляксандр і Мікалай. Але неўзабаве напаткала невыноснае гора – трагічна загінуў Мікалай. Аляксандр стаў цесляром. Ажаніўся, жыў і працаваў у горадзе Слоніме на мукамольнай фабрыцы.

Цяпер Алена Браніславаўна жыве з сынам і нявесткай, якія сталі для яе надзейнай апорай. Разам яны ствараюць для жанчыны свет, дзе старасць – гэта не адзінота, а ўтульнасць у доме і ласкавае слова, час, напоўнены цяплом родных сэрцаў.

Аб сакрэтах даўгалецця Алена Браніславаўна гаворыць, што ўсё проста: трэба быць добрым і прыстойным, верыць у лепшае, працаваць.

– А маладому пакаленню жадаю берагчы сваё здароўе, не адступаць перад цяжкасцямі і мірнага неба, – зычыць доўгажыхарка.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины 

Похожие публикации