Categories: Падзеі

Пясняр беларускай зямлі

Набліжаецца 135-я гадавіна з дня наражэння Якуба Коласа. На шчасце, і ў ХХІ стагоддзі спадчына песняра – запатрабаваная, яго творамі дзеці пачынаюць захапляцца са школьнай пары. Больш таго, вучаць на памяць, затым носяць радкі ў сэрцы ўсё жыццё.

Вывучэннем жыцця і творчасці Якуба Коласа, творы якога перакладзены больш чым на сорак моваў свету многія гады плённа займаецца адна з самых актыўных галін беларускай літаратурнай навукі — коласазнаўства. А пачалося вывучэнне яшчэ ў далёкім 1906 годзе, калі адбыўся літаратурны дэбют паэта вершам “Наш родны край” і мінская газета “Голос провинции” змясціла водгук Дарафея Бохана: “Верш вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю”. Арыгінальнасць таленту Якуба Коласа падкрэсліваў Напалеон Чарноцкі ў газеце “Минский курьер” (1908).

Сістэматычнае вывучэнне творчасці Коласа пачалося пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1920 годзе ў выдадзенай у Вільні “Гісторыі беларускай літаратуры” Максіма Гарэцкага Колас быў названы вядучым прадстаўніком рэалістычнага накірунку, класікам беларускай літаратуры, адным з заснавальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Артыкул Івана Замоціна “Пуцявіны беларускай літаратуры: Якуб Колас “Новая зямля” (“Полымя”, 1924) і сёння не страціў актуальнасці. Даследчык паэму ацэньваў як твор, што прадвызначыў накірунак усяго беларускага слоўнага мастацтва. У сувязі са святкаваннем 20-годдзя дзейнасці і прысваеннем Коласу звання народнага паэта БССР у 1926 годзе з’явілася шмат даследаванняў.

У 1961-1964 гадах быў выдадзены Збор твораў у 12-ці тамах – першае навукова-каменціраванае выданне, што значна актывізавала коласазнаўцаў як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

У 1960-я гады выйшлі сур’ёзныя работы “Новая зямля” Якуба Коласа” А. Лойкі, “Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя “Новай зямлі” і “Сымона-музыкі” М. Мушынскага, “Якуб Колас: Духоўны воблік героя” І. Навуменкі. Затым з’яўляюцца адметныя даследаванні В. Івашына, С. Александровіча, В. Каваленкі, М. Грынчыка, М. Лазарука, А. Семяновіча, В. Бечыка, К. Хромчанкі, У. Казберука, В. Жураўлёва і іншых. У 1972-1978 гадах быў выдадзены збор твораў Якуба Коласа ў 14-ці тамах.

Не магу не сказаць, што мне напрыканцы ХХ стагоддзя пашчасціла атрымліваць цудоўныя энцыклапедычныя кансультацыі ад двух вядомых даследчыкаў Якуба Коласа – Івана Навуменкі і Васіля Жураўлёва.

Творчасць пісьменніка разглядалі ў сваіх працах славісты Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Пачэснае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах — рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа.

Далейшаму развіццю коласазнаўства садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем (юбілей паводле рашэння ЮНЕСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе), 110-годдзем, 120-годдзем, 130-годдзем з дня нараджэння. У 1996 годзе быў створаны Міжнародны фонд Якуба Коласа. Выйшла падрыхтаваная ў Інстытуце літаратуры калектыўная манаграфія “Янка Купала і Якуб Колас і дзяржаўна-культурнае будаўніцтва”, дзякуючы якой нашы класікі паўстаюць перад намі як асобы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, непасрэдныя ўдзельнікі гістарычнага і культуралагічнага працэсу Беларусі.

Збор твораў Якуба Коласа ў 20-ці тамах, быў прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння. Гэта надзвычай істотны ўклад у коласазнаўства.

Адзначу, што ўпершыню ў Збор твораў уключана каля ста вершаў, якія публікаваліся раней толькі ў прыжыццёвых зборніках і перыядычным друку. Новае выданне папаўняюць апавяданне “Бульбалоз” і прыпавесць “Святая нядзелька”, алегарычная казка “Дудар”, народныя казкі ў апрацоўцы Коласа “Как петушок спасал курочку” і “Волшебная жена”.

У выніку навукова-тэксталагічнага вывучэння тэкстаў удакладнены назвы асобных твораў, выяўлены іншыя рэдакцыі, адноўлены фрагменты, змененыя па ідэалагічных меркаваннях, выпраўлены памылкі друку, пашыраны рамкі датавання твораў. Так што застаецца толькі чытаць і перачытваць па-новаму вялікага Якуба Коласа, які здольны спатоліць як нястомнага навукоўца, так і аматара добрай кнігі.

Дзякуючы навуковым працам мы і ў ХХІ стагоддзі маем магчымасць атрымаць поўнае і глыбокае ўяўленне пра нацыянальную адметнасць класіка, пра яго феномен і ўнікальнасць.

З 1985 года кожную восень у дзень нараджэння Якуба Коласа яго Дом-музей збірае заўзятых прадстаўнікоў навуковага коласазнаўства з усёй рэспублікі і краінаў замежжа з мэтай даследавання і ўсебаковай прапаганды творчасці. Па выніках канферэнцый выдаюцца зборнікі “Каласавіны”. Пашчасціла ў 2002 годе ўдзельнічаць у канферэнцыі і мне, уражанні ад праслуханых дакладаў і сёння натхняюць сэрца. А ў лістападзе  2016 года адбыліся ўжо юбілейныя ХХХ міжнародныя “Каласавіны”, прысвечаныя 110-годдзю яго творчай дзейнаснасці.

І вось лістапад 2017 года зноў запрашае прыхільнікаў Якуба Коласа ў Мінск на чарговыя “Каласавіны”.

К. КАРНЯЛЮК

Стоит почитать:

Экспазіцыя кніг Беларусі на Франкфурцкім кірмашы прысвечана 500-годдзю кнігадрукавання

Няхай гучыць родная мова

administrator

Share
Published by
administrator

Recent Posts

Як дружна пырснулі сады…

Як дружна пырснулі сады,Закалыхаліся пад ветрам.Ляціць над светам пах такі,Што аж звініць вакол паветра.І з…

1 час ago

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Дарагія ветэраны вайны і працы! (далее…)

3 часа ago

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

16 часов ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

16 часов ago

“Перамога: погляд праз 81 год. Спадчына, памяць, выбар маладых”

Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай  прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое,…

17 часов ago

Гістарычная памяць – аснова працвітання грамадства

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

17 часов ago