Тэма. Сапраўдны мабільны аператар не тэлефануе абаненту праз месенджар

Праблема
Інтэрнэт-махляры не дрэмлюць, а прыдумваюць усё новыя схемы падману. Грамадзянам ужо вядома схема фішынгу, калі тэлефануюць з паведамленнем аб тым, што блізкі чалавек трапіў у аварыю. Апошнім жа часам пачасціліся званкі, пры якіх махляры запэўніваюць сваіх патэнцыйных ахвяраў, што ў іх скончыўся тэрмін дзеяння дагавора на аказанне паслугаў мабільнага аператара.
Слова спецыяліста
Следчы раённага аддзела Следчага камітэта Вольга Жыбко:

– Часцей паведамленні аб заканчэнні тэрміну дзеяння дагавора паступаюць нібыта ад імя аператара УП “А1”, радзей ад СТАА “МабільныяТэлеСістэмы”, або які мы больш прывыклі называць – МТС. Махляры паведамляюць мабільнаму абаненту, што для падаўжэння тэрміну дагавора яму неабходна ўстанавіць дадатак аператара сотавай сувязі не з афіцыйных магазінаў дадаткаў, а па сродках спасылкі, якую яны вышлюць. Пры гэтым зламыснікі, як правіла, тэлефануюць у месенджарах Viber, Telegram, WhatsApp з акаўнтаў, якія на першы погляд не выклікаюць у звычайных грамадзян падазрэння: фотаздымак профілю ўяўляе сабой афіцыйны лагатып аператара мабільнай сувязі, кантактны нумар – беларускі і гэтак далей.
Такія асобы для пацвярджэння сваіх паўнамоцтваў могуць прысылаць розныя дакументы. Больш за тое, яны дзейнічаюць даволі настойліва, часта пры ўстаноўцы новага дадатка абяцаюць не толькі падаўжэнне дагавора, але і прывабныя скідкі на паслугі. Могуць тлумачыць, што пэўны банк з’яўляецца іх партнёрам і трэба будзе зарэгістравацца ў тым ці іншым дадатку або на сайце або паведаміць ім код пацвярджэння, які прыйдзе з банка, матывуючы гэта тым, што толькі так можна атрымаць скідку на паслугі.
Варта памятаць
Махляры дзейнічаюць настойліва, нярэдка тэлефануюць з розных нумароў, імкнучыся як мага хутчэй запэўніць “кліента” ўстанавіць дадатак па дасланай імі спасылцы, выкарыстоўваюцца сродкі псіхалагічнага ўздзеяння. Таму чалавек губляецца, слухае махляроў, заходзіць па спасылцы і скачвае дадатак, які адзін у адзін падобны на рэальны, а на справе з’яўляецца шкоднай праграмай, якая дае доступ злачынцам да кіравання тэлефонам ахвяры і інфармацыі, якая знаходзіцца ў мабільніку (перапіскі, інтэрнэт-банкінг, іншае). У час размовы зламыснікі могуць яшчэ прапанаваць запоўніць анкеты, дзе неабходна пазначыць свае поўныя асабістыя даныя.
Як дзейнічаць, калі паступіў званок?
– Памятаць, што аператары мабільнай сувязі не тэлефануюць абаненту праз месенджар і не прысылаюць дакументы, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы;
– не згаджацца на падаўжэнне “дагавора аб аказанні мабільных паслугаў”, бо на афіцыйных сайтах аператараў можна знайсці пацвярджальную інфармацыю, што падобнае падаўжэнне ад іх кліентаў не патрабуецца;
– не пераходзьце па спасылках, якія прапаноўваюць “супрацоўнікі аператара” і тым больш не ўстанаўлівайце дадаткі, якія яны патрабуюць, не рэгіструйцеся ў дадатках банкаў, не паведамляйце коды з атрыманых SMS-паведамленняў;
– нікому не паведамляйце свае асабістыя даныя, асабліва ідэнтыфікацыйны нумар, нумар пашпарта, не запаўняйце анкет, якія патрабуюць іх пазначыць;
– калі ж у вас узніклі сумненні, ці звязваўся з вамі сапраўдны аператар, то зайдзіце на афіцыйны сайт свайго аператара мабільнай сувязі, знайдзіце адзіныя кантактныя тэлефоны і пазваніце, каб удакладніць усю інфармацыю – вам абавязкова дапамогуць;
– калі ўжо ўстанавілі шкодны дадатак і паведамілі зламыснікам свае анкетныя даныя, паспрабуйце яго выдаліць і абавязкова звяжыцеся з праваахоўнымі органамі, каб расказаць аб злачынстве.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga