Тэма
Што рабіць непаўналетняму ў крызіснай сітуацыі?
Праблема
У час крызісу дзіця можа перажываць боль і адчай.
Слова спецыяліста
Кацярына Ляўкевіч, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава:

– З 10 верасня па 10 кастрычніка ва ўстановах адукацыі Дзятлаўскага раёна праходзіць месячнік прафілактыкі крызісных станаў у непаўналетніх “Твой выбар – тваё жыццё!”.
Крызісы час ад часу ўзнікаюць у жыцці маленькіх людзей, таму педагогам і дарослым важна навучыць іх пазнаваць праблему і правільна рэагаваць у складанай сітуацыі.
У час крызісу дзіця перажывае бездапаможнасць, безнадзейнасць, адчай, засяроджваецца на псіхатраўмуючай сітуацыі, песімістычна ацэньвае сваю асобу і будучыя перспектывы.
У такім крытычным стане можа дапамагчы тэлефон даверу. Ён прызначаны, каб чалавек змог знайсці ўважлівага субяседніка і пазбавіцца ад свайго эмацыйнага напружання. Размова з кансультантам дазваляе не заставацца сам на сам з дрэннымі пачуццямі, а адчуць разуменне і падтрымку.
Варта ведаць
- кліент, які звяртаецца па псіхалагічную дапамогу на тэлефон даверу, не абавязаны называць сябе, месца жыхарства і іншую асабістую інфармацыю, якая не мае дачыненне да справы;
- можна быць упэўненым, што ніякая агучаная інфармацыя аб чалавеку і яго блізкіх не будзе распаўсюджана трэцім асобам;
- у размове з абанентам супрацоўнікі тэлефона даверу яго не крытыкуюць, не вучаць жыць;
- шчырасць кліента і яго давер кансультанту – гаранты таго, што ў час размовы абанент высветліць прычыны сваіх цяжкасцяў і пачуе аб канкрэтных кроках па іх пераадоленні.
Калі звяртацца
- трывога, сумненні, душэўны боль сталі вельмі частымі гасцямі ў жыцці;
- цяжкасці здаюцца непераадольнымі, адчуваецца бездапаможнасць і адчай;
- у жыцці адбылося тое, што немагчыма змяніць, і незразумела, як гэта прыняць;
- свет здаецца варожым, а людзі не разумеюць і адвяргаюць;
- адносіны з людзьмі прыносяць толькі боль і адчай;
- жыццё здаецца пазбаўленым сэнсу;
- канфлікты і няўдачы паўтараюцца, невядома, як выбрацца з замкнёнага круга;
- няма з кім абмеркаваць праблемы, цяжкую сітуацыю, няма спадзявання на разуменне самых блізкіх людзей.
Даведка
Да званка на тэлефон даверу можна не рыхтавацца зусім, проста набірайце нумар 133 ці іншы, расказвайце, што перажываеце, якія ў вас праблемы.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#дети #родители