Тэма

Адзначаецца рост махлярстваў, іх ахвярамі нярэдка становяцца пажылыя грамадзяне.

Праблема

Старэйшае пакаленне прывыкла давяраць людзям і значна горш разбіраецца ў гаджэтах.

Слова спецыяліста

Наталля Акуновіч, старшы інспектар прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама:

– Махляры тэлефануюць пенсіянерам і прадстаўляюцца супрацоўнікамі пенсійнага фонду, сацыяльнай службы, банка. Падманваюць іх “пераразлікам пенсіі”, “даплатамі”, “індэксацыяй”, “афармленнем новых выплат” і выманьваюць персанальныя даныя: серыю і нумар пашпарта, дату нараджэння, нумары банкаўскіх картак, CVV-коды, іншыя звесткі. Калі такая інфармацыя атрымана, у справу ўступае другі махляр, які звоніць і прадстаўляецца супрацоўнікам міліцыі або службы бяспекі. Ён паведамляе, што асабістыя даныя пенсіянера нібыта выкарыстоўваюцца ў незаконных фінансавых аперацыях па адмыванні грошай. Каб “абараніць” зберажэнні, пажылога чалавека пераконваюць зняць усе грошы, сабраць накапленні і перадаць іх кур’еру для “дэкларавання”, “замарозкі” або “бяспечнага захавання”. У выніку пацярпелы губляе буйную суму, якую збіраў гадамі.

Не менш папулярная схема па “абнаўлені даных медыцынскіх картак”. У Telegram, WhatsApp, іншых месенджарах ад імя паліклінік, бальніц, установаў аховы здароўя рассылаюць паведамленні з просьбай “удакладніць” або “абнавіць” персанальныя і медыцынскія даныя для электроннай медкарткі. Запытваюць рост, вагу, дату нараджэння, групу крыві, хранічныя захворванні. Для ўзмацнення ўздзеяння зламыснікі расказваюць пра “медыцынскую рэформу” і палохаюць, што без актуальнай электроннай карткі чалавеку больш не акажуць дапамогі, не выпішуць рэцэптаў, не пусцяць на работу, у вучэбную ўстанову, гэтак далей. Потым схема развіваецца па адным са сцэнарыяў: ахвяры абяцаюць званок ад робата, які прадыктуе нумар талона або код, і просяць пераслаць гэту інфармацыю ў чат або адразу ўвесці код пацвярджэння с СМС-паведамлення, якое паступіла на тэлефон. У абодвух выпадках махляры атрымліваюць доступ да акаўнта месенджара або на дзяржаўным партале, што дае магчымасць скрасці асабістыя даныя, увайсці ў банкаўскі дадатак або прадоўжыць махлярства ад імя пацярпелага.

Ірына Баравік, намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:

– Варта ведаць, што сапраўдныя супрацоўнікі нашага ўпраўлення ніколі не выходзяць на сувязь з атрымальнікамі пенсій па сродках месенджара Viber. Падобную махлярскую схему выкарыстоўваюць зламыснікі для высвятлення асабістых даных людзей і далейшага завалодвання іх грашовымі сродкамі. Не верце такім “спецыялістам”, не адказвайце на іх пытанні і хутчэй спыняйце размову, кладзіце трубку. Толькі так вы абароніце сябе і свае зберажэнні. Калі пасля званка засталіся сумненні і ёсць жаданне праверыць інфармацыю, задаць пытанні можна па телефонах аддзела пенсій і дапамог: 3-03-22, 3-03-21, 3-03-23 або прыйсці да нас і даведацца асабіста. Адрас упраўлення: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56.

Даведка міліцыі

На Дзятлаўшчыне па звестках тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва 4911 пажылых грамадзян. За дзевяць месяцаў 2026 года супрацоўнікі АУС райвыканкама наведалі 3174 жыхары гэтай катэгорыі і правялі з імі прафілактычныя гутаркі аб мерах маёмаснай бяспекі, махлярскіх деяннях у інтэрнэце і па тэлефоне, раздалі тэматычныя буклеты-памяткі. З пачатку года ў раёне зарэгістраваны тры махлярствы з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій, агульная сума ўрону склала 18 799 рублёў. Усе яны не раскрытыя. Пацярпелі пенсіянеры, сярод якіх дзве жанчыны і мужчына, самы сталы – 1957 года нараджэння. Спосабы крадзяжоў былі наступныя: “задэкларавалі” грашовыя сродкі ў суме 5499 рублёў; перавялі 3300 рублёў па нумары дагавора на банкаўскі рахунак “Приорбанка”; у Viber патэлефанаваў “супрацоўнік следчага камітэта” і завалодаў 10 000 рублёў.

Псіхолаг падкажа

Алена Макоўская, псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:  

– Людзі старэйшага пакалення прывыклі паважаць прадстаўнікоў улады, банкаў, медыцыны. Махляры гэтым актыўна карыстаюцца. Яшчэ пажылыя грамадзяне маюць патрэбу ва ўвазе, часта сумуюць па чалавечай цеплыні, а схема “ваш блізкі трапіў у бяду” б’е па самым дарагім. 

Каб абараніцца ад падобных сітуацый, важна не трапляць на псіхалагічныя кручкі. Калі вас падганяюць, вымушаюць дзейнічаць тэрмінова, трэба наадварот спыніцца, падумаць, а не рашаць адразу. Запалохваюць аўтарытэтам афіцыйнага работніка? Успомніце, што спецыялісты не патрабуюць пераводу грошай па тэлефоне, а іх “сапраўднасць” можна праверыць званком у адпаведную службу. Не менш важна не паддавацца на ліслівасць або эмацыйнае раздражненне, так вас выбіваюць з раўнавагі. Абавязкова павінны насцярожыць словы “нікому не кажыце, гэта тайна следства”. Пасля іх можна не сумнявацца, што тэлефануе менавіта махляр. Запомніце: самы магутны сродак супраць маніпуляцый – гэта час. Дайце сабе зарок: ніякіх фінансавых рашэнняў па тэлефоне ці перапісцы. Скажыце, што вам трэба падумаць, і пакладзіце трубку. Потым патэлефануйце чалавеку, якому давяраеце, каб параіцца. Таксама праверце атрыманую інфармацыю званком на гарадскі нумар банка, сацыяльнай службы ці паліклінікі (адкуль звязваліся ў месенджары).     

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации