Кажуць, што восень — сумная пара, тужлівая і халодная. Магчыма, для кагосьці гэта і так, але толькі не для навучэнцаў пачатковых класаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Са згоды бацькоў яны вырашылі адпачыць на восеньскіх канікулах у школьным лагеры “Усмешка”.
На пытанне “Ці спадабалася вам у лагеры?” адмоўных адказаў не было. На пытанне “Што спадабалася больш за ўсё?” адказы гучалі розныя. Адным даспадобы прыйшліся цікавыя і пазнавальныя экскурсіі ў “Беларусбанк”, аддзел унутраных спраў, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, цэнтральную раённую бібліятэку. Другім — экскурсія па паселішчах раёна, якая запомнілася наведваннем храмаў у вёсцы Накрышкі, аграгарадку Вензавец, знаёмствам з цікавымі мясцінамі ў аграгарадку Жукоўшчына, вёсках Жыбартаўшчына і Міроўшчына, наведваннем школьных музеяў раёна. Некаторыя адкрылі для сябе новае і незвычайнае, наведаўшы выставу “Майстэрства рук — душы натхненне” ў нашым школьным музеі. Усім без выключэння выхаванцам спадабалася, што кожны дзень у лагеры праводзіліся спартыўныя гульні і эстафеты, многія з захапленнем расказвалі пра конкурсы, гульні, танцы, арганізаваныя ў час святочных забаўляльных праграм “Лагер, сустракай!” і “Гуляем весела”. Называлі дзеці і конкурсы малюнкаў, і гульні ў камп’ютарным класе, і заняткі ў любімых гуртках.



Выхавальнікі, якія працавалі ў лагеры, таксама адзначаюць, што сумаваць ні ім, ні дзецям не давялося. Здаралася, прысесці не было калі, бо насычаныя цікавымі мерапрыемствамі дні не дазвалялі надоўга затрымацца ў школьных кабінетах, дзе размяшчаліся атрадныя куткі.
Расказваць пра адпачынак у восеньскім лагеры можна шмат, але найвышэйшая адзнака яго дзейнасці — гэта тое, што на заключнай лінейцы ўсе без выключэння вучні выказалі жаданне наведваць лагер, які будзе арганізаваны ў школе вясной.
Н. ВАЛЯК,
старшы выхавальнік лагера “Усмешка” сярэдняй школы №1 горада Дзятлава