Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай падтрымаў прапанову назначыць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў на 18 лютага 2018 года.
Галоўнай тэмай сустрэчы сталі пытанні правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. “Для мяне галоўнае – вызначыцца з датай, фінансаваннем і праектам указа, які павінен быць падпісаны. Я думаю, што сярэдзіна лютага, можа, нават і 18-ага, як мы гэта абмяркоўвалі, будзе нармальна. Усё ж такі люты – больш спакойны месяц”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Закранаючы фінансаванне выбараў, Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць беражлівага расходавання сродкаў. На яго думку, сэканоміць можна за кошт правільнага падыходу да арганізацыі ўчасткаў. “Калі гэта ўчастак у школе, значыць, трэба зрабіць узорны ўчастак у школе. Калі гэта ўчастак у клубе, значыць, зрабіць узорны ўчастак у клубе. Усё ж такі там асноўная “кухня”. Мы пастараемся гэта зрабіць за кошт таго, што ў нас, у прынцыпе, усё гатова з тых выбараў, каб ні урны не выкідвалі, ні кабінкі – усё гэта ёсць на месцы”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на заработнай плаце членаў камісій. “Зарплата людзей, звязаных з выбарамі, – гэта святое”, – заявіў ён.
“Мы сустрэнемся яшчэ з вамі і губернатарамі. Адміністрацыі Прэзідэнта я даручыў быць побач, каб арганізацыйныя меры маглі на месцы ажыццявіць: падрыхтаваць участкі і да таго падобнае. Усё ж такі гэта палітычная кампанія, і Адміністрацыя павінна сваю работу зрабіць, а Цэнтрвыбаркам павінен у адпаведнасці з законам арганізаваць выбары: бюлетэні, семінары, навучанне кіраўнікоў участковых камісій”, – дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўлада створыць усе ўмовы для правядзення выбараў на дастойным узроўні. “Утойваць нічога не будзем. Хто гатовы ісці на выбары, няхай ідзе, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Усе ўзроўні ўлады будуць працаваць у тым напрамку, у якім Цэнтрвыбаркам абазначыць, як гэта і было заўсёды”.