З маленства я палюбіў беларускі народ, асабліва вяскоўцаў.

Наогул, многія з нас – родам з хат, звычайных і сціплых, але такіх утульных і гасцінных, такіх любых і дарагіх сэрцу. У гэтых хатах ашчадна здолела захавацца памяць пра наша маленства, юнацтва. І як горка, што сярод сучаснікаў ёсць тыя, хто гатовы здраджваць беларускаму, іх абсалютна не цікавіць генеалогія свайго роду.

Чаму мы нярэдка забываем, што наш народ – гэта наша душа, гэта наш гонар і сумленне? Чаму мы не хочам ведаць як мага больш пра свой народ, пра нас саміх, спазнаваць сябе? Чаму мы бязлітасна штодзённа знішчаем родную прыроду-матухну?

У ХХІ стагоддзі мы, на жаль, у многім страцілі сакральнасць і святасць. Раней жа ворыва, сяўба, збор ураджаю, будаўніцтва хаты, нават сняданак, абед і вячэра мелі высокае літургічнае значэнне. Наш продак не проста араў поле – ён маліўся роднай зямельцы, мірнаму блакітнаму небу над галавой, сваёй сінявокай старонцы, што дасталася яму ў спадчыну. Жыццё на зямлі прыводзіла да пастаяннага самапазнання, да ўсведамлення сваёй біяграфічнай місіі – пакінуць след пасля сябе. Таму хлебароб, селянін, земляроб – гэта не прафесіі, гэта надзейная і трывалая філасофія жыцця-быцця.

Ураджэнец маленькай вёсачкі Лаша былога Гродзенскага павета Яўхім Карскі стаў вялікім беларусам. Удзельнічаў у стварэнні Інбелкульта і БДУ. І ўсё жыццё прысвяціў вывучэнню Бацькаўшчыны. Цяжка знайсці куточак беларускай зямлі, у якім не пабываў бы вучоны-вандроўнік, даследуючы мову, жыццёвы ўклад, традыцыі, святы, песні і казкі свайго народа. З-пад пяра вучонага і этнографа Карскага выйшла больш за тысячу прац, у тым ліку манаграфій, артыкулаў, падручнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы. Самая знакамітая — трохтомнае выданне “Беларусы”. Яго называюць энцыклапедыяй беларусазнаўства. Менавіта ў гэтым выданні даследчык абгрунтаваў, што беларускі народ існуе як нацыянальная адзінка са сваёй арыгінальнай культурай, мовай, багатымі традыцыямі і невычэрпнай крыніцай вуснай паэтычнай народнай творчасці.

Нашы продкі падарылі душам беларусаў і беларусачак глабальны і бессмяротны сімвал: Маці-Зямля.

Менавіта земляробства — нацыянальная ідэя — непасрэдна звязана з культам смерці-нараджэння. І якіх толькі катаклізмаў не бачыў мой народ, як толькі не здзекваліся з яго матчынай мовы, з яго песень, у якіх душа народа, усё заўсёды адраджалася.

Я супраць тых “герояў”, хто называе маю мову мужыцкай, а саму Беларусь – вясковай. Вясковага паходжання не трэба саромецца. І, дарэчы, шляхамі вёскі – гэта зусім не назад, як звычайна лічаць некаторыя, а наперад!

Канстанцін КАРНЯЛЮК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Водные игры небезопасны
Прыём грамадзян

Прыём грамадзян

10 июля, 2026
Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

Похожие публикации