Гэта важная рыса ўласціва характару настаўніцы англійскай мовы, педагогу-арганізатару сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Таццяне Пазняк.

Для сваіх вучняў Таццяна Юр’еўна не толькі любімы педагог, але і лідар, на якога многія раўняюцца, і старэйшы сябар, да якога ў любы момант можна звярнуцца па парады.

Цікава было даведацца ў маладой настаўніцы, што прывяло яе ў прафесію, як яна заваявала давер у дзяцей і ці проста адначасова спраўляцца з арганізатарскай і настаўніцкай работай.

– У дзяцінстве мне вельмі падабалася англійская мова, – расказвае Таццяна Пазняк, – доўгі час марыла стаць перакладчыкам, захаплялася самастойнымі перакладамі розных тэкстаў. У старэйшых класах пачала прывабліваць яшчэ і прафесія педагога: добра атрымлівалася дапамагаць аднакласнікам пры падрыхтоўцы да заняткаў, на дзень самакіравання з задавальненнем вяла ўрокі. Можна ўпэўнена казаць, што ў прафесію я прыйшла па закліку душы.

– А як сталі педагогам-арганізатарам?

– Была вакансія, і я вырашыла паспытаць свае сілы. Усё атрымалася. Люблю бавіць час з дзецьмі. Праекты, акцыі, рэпетыцыі – гэта маё. Вядома, складана сумяшчаць урокі і грамадскую дзейнасць, але я строга планую свой час, таму навучылася ўсё паспяваць. Работа педагога-арганізатара патрабуе творчасці і кемлівасці. Часам ідэі прыходзяць самі, і застаецца толькі іх рэалізаваць, нярэдка яны паступаюць ад вучняў.

– Як удаецца заахвоціць навучэнцаў да ўдзелу ў акцыях ці грамадскіх справах?

– Першапачаткова маімі надзейнымі памочнікамі былі школьныя актывісты, цяпер навучылася прывабліваць да ўдзелу розных дзяцей. Дарэчы, нашы вучні вельмі творчыя. Напрыклад, сёлета ў нас былі выбары ў вучнёўскі савет. Яго спікерам стала дзесяцікласніца Таццяна Орсік. Літаральна адразу ж Таня прыйшла з цэлым спісам новых ідэй, якія прапаноўвала ажыццявіць. Было зразумела, што яе кандыдатуру школьнікі падтрымалі нездарма.

– Таццяна Юр’еўна, ведаю, што вы яшчэ і актывістка раённай арганізацыі ГА “БРСМ”?

– Гэта сапраўды так. Калі я пачала працаваць у школе, адбылося знаёмства з першым сакратаром Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык, якая запрасіла мяне на акцыю. Мне спадабалася. Увогуле, люблю быць у гушчы падзей, сустракацца з людзьмі, рабіць што-небудзь карыснае. Калі вяртаюся з такіх мерапрыемстваў, абавязкова расказваю пра іх дзецям, спыняюся на тым, што было найбольш важным і значным. Такім чынам станаўлюся добрым прыкладам для навучэнцаў.

– А якія яны, сучасныя дзеці?

– Яны вельмі ўмелыя карыстальнікі як сацыяльных сетак, так і новых тэхналогій. Таму нярэдка здараецца, што мы, настаўнікі, пры неабходнасці звяртаемся да іх па дапамогу. Напрыклад, мне даводзілася шукаць падтрымкі ў вучняў, калі паступалі заданні здымаць відэасюжэты. У некаторых ёсць прафесійныя камеры, дзеці ўмеюць фатаграфаваць, здымаць, манціраваць відэаролікі. Калі ім цікава заданне, яны адгукваюцца з задавальненнем.

Радуе, што ў нашай школе развіваецца валанцёрскі рух. Старэйшыя школьнікі актыўна дапамагаюць падшэфным, сярод якіх і педагогі-ветэраны. Малодшыя навучэнцы з вялікім энтузіязмам майструюць для валанцёрскіх акцый віншавальныя паштоўкі і падарункі. З задавальненнем нашы валанцёры прымалі ўдзел у нядаўняй акцыі “Чысты лес”.

– Аб чым вы марыце, чаго яшчэ жадаеце дасягнуць?

–  Безумоўна, імкнуся пастаянна самаўдасканальвацца. Іншай прафесіі для сябе не хачу, а вось пападарожнічаць з сынам, калі скончыцца каранцін, вельмі жадаю. Хацелася б пабыць у Лондане, наведаць Біг Бэн і Букінгемскі дварэц, а ў ідэале – пабачыць каралеву. Хочацца таксама пагутарыць з англічанамі, бо для мяне, як для настаўніцы, вельмі цікава пачуць жывую англійскую гаворку.

– Што дапамагае вам быць паспяховай?

– Цярпенне, бо без яго працаваць з дзецьмі вельмі складана. Не ўсё ў працэсе навучання і выхавання адбываецца так, як хацелася б настаўніку. Бываюць хвіліны, калі апускаюцца рукі, але я раблю глыбокі ўдых – і працую далей. Не менш дапамагае ўменне даводзіць пачатыя справы да канца.

– Колькі ўжо працуеце ў школе, чаго дасягнулі за гэты час?

– Настаўнічаю ўсяго чацвёрты год, але ўжо ёсць пэўныя набыткі. З дзецьмі занялі трэцяе месца ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Супертройка”, у якім удзельнічаюць акцябронак, піянер і піянерважаты. Гэтым летам да нас прыязджала Мінскае тэлебачанне, і я дзялілася вопытам анлайн-работы з наведвальнікамі гуртка “Што? Дзе? Калі?”. Перадача пра нас выходзіла ў эфіры тэлебачання. Цяпер мы з дзецьмі рыхтуемся да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу сцяг-шоу “Агеньчык запрашае сяброў”, бо каманда нашай школы стала абласным пераможцам.

– А чым любіце займацца ў вольны час?

– Стараюся прысвячаць яго сыну Яраславу. Любім разам глядзець мульцікі, складваць пазлы, чытаць і абмяркоўваць дзіцячыя кнігі, асабліва казкі. Сёлета Яраслаў пайшоў у школу, таму шмат увагі надаём падрыхтоўцы да заняткаў: вучымся чытаць, пісаць, лічыць. Нямала ўвагі надаю выхаванню сына, бо хачу, каб ён вырас годным чалавекам. Стараюся развіць у ім такія якасці, як павага да старэйшых, уменне сябраваць, любоў да ўсяго жывога. А калі здараецца вольная хвілінка – з задавальненнем саджуся за вышыўку крыжыкам, бо гэта супакойвае, прыводзіць думкі ў лад.

– Чаго пажадаеце моладзі нашага раёна?

– Мне здаецца, што сучасная моладзь, ды і многія дарослыя людзі, вельмі спяшаюцца, усё робяць на хаду, не паспяваючы асэнсаваць. Таму маладым людзям пажадаю ўмець спыняцца і не ўпускаць самае важнае ў жыцці. Яшчэ жадаю ўпэўненасці ў сабе, мэтанакіраванасці, дабрыні, умення чуць і разумець адзін аднаго, а таксама чалавечнасці.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

administrator

Recent Posts

Паразважалі аб каштоўнасцях, якія не старэюць з часам

У рамках дзейнасці грамадска-палітычнага цэнтра раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” пад кіраўніцтвам…

11 часов ago

З рэдакцыйнай пошты. “Дзякуй за цяпло душы і залатыя рукі!”

Такія словы работнікам сацыяльнай службы адрасавала Надзея Башко – аўтар ліста, які прыйшоў на адрас…

11 часов ago

Сталі дыпламантамі рэспубліканскага конкурсу

Напярэдадні Дня настаўніка выдалася цудоўная нагода расказаць аб значных поспехах педагогаў Дзятлаўскага раёна. Нядаўна ў…

12 часов ago

В преддверии Дня учителя в Гродно отметили лучших работников образования

В Гродно прошло торжественное мероприятие, приуроченное ко Дню учителя, который отмечается в первое воскресенье октября.…

12 часов ago

Александр Лукашенко: политика многовекторности никак не отдаляет Беларусь от России

Политика многовекторности никак не отдаляет Беларусь от России. Об этом Президент Беларуси Александр Лукашенко заявил…

12 часов ago

Порядок использования автоматических электронных аппаратов

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

12 часов ago