У Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі Дзятлаўская раённая бібліятэка стала пляцоўкай для маштабнага міжрэгіянальнага дыялогу. У анлайн-рэжыме ў фармаце тэлемоста сустрэліся прадстаўнікі розных рэгіёнаў дзвюх краін: Гродзеншчыны, Брэстчыны, Санкт-Пецярбурга і Рэспублікі Комі, каб абмеркаваць агульныя каштоўнасці і культурныя праекты, пацвердзіць, што для сапраўднага адзінства не існуе адлегласцяў.

Тэматыка сустрэчы была насычанай і разнастайнай. Намеснік дырэктара бібліятэкі Ганна Вянско павіншавала ўдзельнікаў са святам, падкрэсліла, што 2026 год багаты на важныя для беларусаў падзеі, сярод іх Год беларускай жанчыны, юбілейны Фестываль нацыянальных культур у Гродне, легендарны “Славянскі базар у Віцебску”. Асаблівая ўвага была ўдзелена 85-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны – даце, якая важная для абодвух народаў.

Прадстаўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Санкт-Пецярбургу  і горада Маларыта Брэсцкай вобласці таксама падкрэслілі важнасць захавання гістарычнай памяці і культурных сувязяў.

Сваімі поспехамі падзяліліся сябры з ГА “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія” (Рэспубліка Комі). Расійскія калегі падрабязна расказалі пра вынікі сваёй працы ў 2025 годзе, узгадаўшы шматлікія праекты па папулярызацыі беларускіх традыцый на Поўначы. Таксама яны агучылі амбіцыйныя планы на 2026 год, накіраваныя на ўмацаванне пабрацімскіх сувязяў і падтрымку суайчыннікаў.

Сапраўдным упрыгожаннем сустрэчы стала віншаванне ад супрацоўнікаў Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. Беларусачкі, апранутыя ў каларытныя нацыянальныя касцюмы, шчыра павіншавалі расійскіх сяброў, прадэманстраваўшы гасціннасць і багацце беларускай культуры.

Фінальным акордам тэлемоста стаў  святочны канцэрт з расійскага боку. Музыка і песні аб’ядналі ўсіх удзельнікаў экранаў, ператварыўшы афіцыйнае мерапрыемства ў цёплую сустрэчу блізкіх па духу людзей.

Такія мерапрыемствы яшчэ раз даказваюць: для сапраўднага сяброўства і духоўнага адзінства не існуе межаў і адлегласцяў. 

Вольга БОЙКА,
дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации