Маленькія зорачкі вялікай краіны

У Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі 28 навучэнцаў другіх класаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы папоўнілі рады грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. Для іх стаць акцябратамі – гэта не проста атрымаць значок, а першы крок у дарослае грамадскае жыццё, дзе цэняцца сяброўства, працавітасць і любоў да Радзімы.
Дзеці паабяцалі быць сумленнымі і справядлівымі, аказваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, берагчы прыроду, любіць сваю родную краіну.
Карысна і павучальна

Навучэнцы 7-9 класаў Круцілавіцкай базавай і 7-11 класаў Дварэцкай сярэдніх школ пабывалі на экскурсіі ў Гезгалаўскай папраўчай калоніі-пасяленні № 26. Школьнікі даведаліся аб прафесіі людзей, якія служаць Радзіме, паглядзелі відэафільм пра Магілёўскую акадэмію, умовы вучобы, пражывання і правядзення вольнага часу курсантаў, убачылі, як жывуць асуджаныя ў калоніі, пачулі іх нялёгкія жыццёвыя гісторыі.
Мы вясну гукаем!

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Фарміраванне талерантнай дзіцячай супольнасці праз арганізацыю мастацка-творчай дзейнасці, заснаванай на традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа” ў групе інтэграванага навучання і выхавання Новаяльнянскага дзіцячага сада адбылася музычная забава “Мы вясну гукаем!”. Дзеці спявалі традыцыйныя веснавыя заклічкі і песенькі, гулялі ў народныя гульні, слухалі галасы прыроды ў музычных творах, а затым у майстэрні зрабілі птушак, якіх развесілі на “Дрэва Вясны” на тэрыторыі ўстановы.
Я і мае межы

У рамках раённай PR-акцыі “Дзіцячы свет без жорсткасці і насілля!” для выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава было праведзена мерапрыемства “Я і мае межы: тэрыторыя бяспекі”, мэта якога – навучыць дзяцей адрозніваць “сваіх” і “чужых”, разумець правіла асабістай прасторы і ўмець абараняць сябе ў сітуацыях дыскамфорту.
Асаблівы дзень для асаблівых дзяцей

Да Міжнароднага дня птушак у дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава пабывалі выхаванцы Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, каб разам песнямі і карагодамі паклікаць Вясну і адзначыць экалагічнае свята прылёту птушак. Выхаванцы старэйшай групы расказалі гасцям пра яго гісторыю, запрашалі іх у гульні, а потым усе разам змайстравалі вясновых яркіх птушачак.


Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga