22 чэрвеня Беларусь адзначыць сумную дату – 85 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Як у нашым раёне ажыццяўляюцца расследаванні па справе “Аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд”, узбуджанай у красавіку 2021 года Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, расказаў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго:

– Беларусь неаднаразова станавілася арэнай жорсткіх войнаў, самай крывавай з якіх была Вялікая Айчынная вайна. Не мінавала бяда і Дзятлаўскі раён. Згодна з аператыўным загадам начальніка СС і паліцыі Беларусі Фон Готберга аб правядзенні аперацыі “Гамбург”, у снежні 1942 года выканана карная аперацыя па знішчэнні партызанскіх лагераў у лясных масівах Ліпічанскай пушчы і жыхароў вёсак, якія лаяльна адносіліся да партызан. У выніку поўнасцю знішчаны жыхары і дамы ў вёсках Вялікая Воля і Навасёлкі, часткова – у Дубраўцы, Дубароўшчыне, Трахімавічах, Пушчы Ліпічанскай, Гарадках, Малой Волі.

З моманту ўзбуджэння крымінальнай справы Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь перад членамі следчай групы былі пастаўлены задачы па ўстанаўленні ўсіх фактаў генацыду беларускага народа, персанальных даных мірных грамадзян і ваенных, загінулых у гады вайны ад рук нямецкіх акупантаў і іх памагатых, месцаў іх пахавання і ўвекавечання памяці ахвяраў генацыду беларускага народа, а таксама збор звестак у адносінах да асобаў, якія пазбеглі крымінальнай адказнасці за ўчыненыя ў гады вайны дзеянні, для наступнага вырашэння пытання аб вылучэнні спраў у адносінах да такіх асоб і накіраванні іх у суд.

Па фактах учынення нацысцкімі злачынцамі, іх памагатымі, злачыннымі фарміраваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд на тэрыторыі БССР і іншых дзяржаў генацыду беларускага народа членамі следчай групы па Дзятлаўскім раёне дапрошана ў якасці пацярпелых і сведкаў 167 асоб, праведзена больш за 154 агляды месцаў здарэнняў – спаленых вёсак, месцаў расстрэлу мірнага насельніцтва, устаноўлены два лагеры прымусовага ўтрымання насельніцтва: каля аграгарадка Дварэц – для сем’яў партызан, прызначаных для вывазу на работы ў Германію, і паблізу гарпасёлка Наваельня – лагер часовага ўтрымання яўрэяў, якія былі прывезены па чыгунцы ў вагонах з-пад Мінска, Валожына, Навагрудка, іншых месцаў. Да ўзбуджэння крымінальнай справы было вядома шэсць падобных месцаў, арганізаваных нямецкімі акупантамі на тэрыторыі Дзятлаўшчыны, цяпер іх налічваецца восем.

За ўвесь час Вялікай Айчыннай вайны поўнасцю або часткова знішчаны 23 населеныя пункты нашага раёна, з якіх найбольш пацярпела сем (Пушча Ліпічанская, Дубраўка, Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля, Малая Воля, Дубароўшчына) і 16 – часткова.

У час расследавання крымінальнай справы ўстаноўлена, што на хутары Ахонка (так называліся хутары паблізу вёскі Ахонава) у снежні 1943 года спалена не менш за чатыры дамы разам з жыхарамі. Зімой таго ж года ў ходзе карнай аперацыі, якая праводзілася новаяльнянскай паліцыяй супраць партызан, спалены хутар Галаўлі (каля аднайменнай вёскі) разам з жыхарамі.

Пры расследаванні справы аб генацыдзе ў выніку работы з мясцовым насельніцтвам, матэрыяламі архіўных крымінальных спраў было ўстаноўлена месца расстрэлу і пахавання вязняў Новаяльнянскага гета.

У жніўні-верасні 2021 года, ліпені 2022 года пошукавай ротай 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у гарадскім пасёлку Наваельня праводзіліся раскопкі на месцы масавага расстрэлу мірных жыхароў у 1942-1943 гадах. У час агляду знойдзены шматлікія астанкі касцей і рэчы расстраляных, што пацвердзіла факт знішчэння мірнага насельніцтва.

Згодна з заключэннямі экспертаў, прадастаўленыя для вывучэння косці з’яўляюцца астанкамі не менш чым 64-х чалавек, сярод якіх былі дзеці і падлеткі ад 6 да 15-і гадоў.

На гэты год запланаваны палявыя пошукавыя работы па выяўленні пахаванняў мірнага насельніцтва, якое загінула ад рук нямецка-фашысцкіх акупантаў паблізу вёскі Чырвоны Бор.

Падкрэслю: расследаванне скіравана на выяўленне ўсіх фактаў і абставінаў праяўлення генацыду беларускага народа, што ў сваю чаргу з’яўляецца данінай памяці загінулым і захаваннем гістарычнай праўды. 

Ірына СТЫРНІК        

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#геноцид

Похожие публикации