Сонечным майскім днём напярэдадні Дня Перамогі на Дзятлаўшчыне прадоўжылася віншавальная акцыя з выплатай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 113.

Удзельнікі святочнай акцыі на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў, старшынёй раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Аляксандрам Бараноўскім з кветкамі і падарункамі наведалі былых вязняў фашысцкіх канцлагераў – жыхарак горада Дзятлава Веру Калпінскую, Галіну Сліжэўскую, Раісу Венславоўскую, аграгарадка Раготна – Валянціну Стукач, а таксама члена сям’і загінулых Ніну Гутараву з гарадскога пасёлка Наваельня.

Сярод тых, хто дарылі віншаванні жанчынам, жыцці якіх апаліла Вялікая Айчынная вайна, былі прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, сацыяльнай абароны, Дзятлаўскага ўчастка паштовай сувязі, работнікі культуры, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, дзеці, педагогі, па некаторых адрасах з імі накіраваліся ратаўнікі і спецыялісты добраахвотнага пажарнага таварыства, якія прывезлі зямлячкам шаноўнага ўзросту аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.


Адметна, што некаторыя жанчыны сустракалі гасцей на падворку, дзе цяпер пышна цвітуць яблыні. Як вядома, менавіта бутаньерка з яблыневай кветачкай і стужкай у колер нацыянальнага сцяга ў Беларусі з’яўляецца сімвалам Вялікай Перамогі. У гэтай урачыстай атмасферы, уручаючы падарункі і выплаты, госці пажадалі прадстаўніцам ваеннага пакалення бадзёрасці духу, здароўя і актыўнага даўгалецця, каб іх дні заўжды былі сагрэты ўвагай, клопатам і мірным сонцам. Яркую песенную паштоўку ім адрасавалі работнікі культуры.


Жанчыны шчыра падзякавалі за ўвагу, цеплыню і святочны настрой. Яны пажадалі цяперашняму пакаленню жыць у міры і згодзе, старанна працаваць і вучыцца, памятаць гісторыю сваёй Айчыны і ніколі не зведаць жахаў вайны.













Ірына СТЫРНІК
Фота арганізатараў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае