Здымачная група тэлеканала “ВоенТВ” завяршыла работу на Дзятлаўшчыне над першым выпускам праекта з рабочай назвай “У добры шлях”.
Намеснік начальніка аддзела тэлевізійных праграм тэлекампаніі “ВоенТВ” Таццяна Смык расказала, якім будзе пілотны выпуск, і падзялілася ўражаннямі ад наведвання нашага раёна:

– Як мы і згадвалі раней, у рамках новага цыкла перадач тэлеканала праедзем па ўсіх гарадах і раёнах, узнагароджаных вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Невыпадкова першы пункт гэтага маршруту – Дзятлава: некалькі гадоў таму мы ўжо здымалі сюжэт тут і былі ўражаны раёнам настолькі, што вырашылі сюды вярнуцца. Тэлеперадача будзе складацца з некалькіх блокаў, галоўная накіраванасць – турыстычная. Наша задача – зацікавіць гледачоў, паказаць ім адметныя маршруты, мясціны, што можна наведаць самастойна, з кім сустрэцца, у чым паўдзельнічаць і што пакаштаваць. На Дзятлаўшчыне наш выбар спыніўся на касцёле і храме ў райцэнтры, палацы Радзівілаў, інтэрактыўных праграмах, такіх як музей “Хата брыгадзіра” і веламаршрут “Партызанскай сцяжынай па Ліпічанскай пушчы”. На кожнай з кропак нашага шляху паразмаўлялі з дзятлаўчанамі, пачулі шмат пазнавальных гісторый. Выпуск пра Дзятлава – пілотны, на якім мы вывяраем канцэпцыю і ўдакладняем сістэму работы, якая ляжа ў аснову далейшых здымак. Першапачаткова планаваўся міні-праект на 13-16 мінут, але пасля наведвання Дзятлаўшчыны можам з упэўненасцю сказаць: цікавай, пазнавальнай інфармацыі настолькі многа, што хранаметраж плануецца пашырыць да паўнацэнных 26 мінут.
На гэта паўплывалі дзятлаўчане, якія зрабілі наша наведванне раёна па-сапраўднаму запамінальным. Упэўнена, што гледачы і турысты, якіх цікавяць аўтэнтычныя, нерастыражаваныя адметнасці Беларусі, пагодзяцца з намі.









Наталля АВЯРЧУК
Фота раённага турінфацэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga