Механізатары сельгаспрадпрыемства завяршылі ўборку азімага ячменю і прыступілі да яравога. На палетку каля вёскі Разважжа працуюць адразу чатыры камбайны, за рулём – вопытныя і маладыя механізатары.

Іван Ташлыкоў, які праводзіць чацвёрты сезон на камбайне GS-12 А1 Pro, тэхнікай і ўмовамі работы задаволены.

– Кожны дзень ёсць нагода для радасці, – кажа механізатар. – Прачынаюся раніцай – надвор’е яснае, настрой выдатны. Еду па полі і адчуваю радасць ад таго, што вырасцілі багаты ўраджай, учора намалацілі 58 тон. Працаваць камфортна, бо ў камбайне кандыцыянер, абед і ваду таксама прывозяць своечасова, так што для работы створаны ўсе ўмовы.
Акрамя таго, сёлета Іван Іванавіч працуе не адзін, а з памочнікам – механізатарам Дзятлаўскага РУП ЖКГ Андрэем Калодкам. Мужчына ўжо мае вопыт работы на ўборцы ўраджаю, у час адпачынку на асноўным месцы працы ён прыйшоў падтрымаць свайго сябра ў гарачую пару жніва.
– Першы год у ролі памочніка камбайнера, спраўляюся, здаецца, някепска. Калі справа пойдзе добра, то, можа, і на наступны год у водпуску сюды вярнуся.


Чалавек года Гродзеншчыны Анатоль Марук – таксама на жніве разам з памочнікам камбайнера Мікалаем Жынко, з якім у адной камандзе кожны сезон.



– Добры ўраджай аграномы вырасцілі, такі прыемна ўбіраць, – адзначае аграрый. – Надвор’е таксама дапамагае нам. Пакуль ёсць магчымасць, малоцім з раніцы да цямна, бо разумеем, як важна своечасова ўбраць усё гэта багацце палёў. Працуецца спраўна, пазітыўна, удваіх у кабіне нават доўгі працоўны дзень весялейшы.
Традыцыйныя пажаданні ад Анатоля Яўгенавіча, аднаго з самых вопытных і заслужаных хлебаробаў Дзятлаўшчыны, – здароўя і ўдачы, што для аграрыяў азначае – больш сухіх сонечных дзён і стабільнай работы тэхнікі.






Сёлета дэбют на жніве ў інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка КСУП “Хвінявічы” Арцёма Барысевіча. Ён асабіста кантраляваў падрыхтоўку тэхнікі да ўборачнай кампаніі, якая пачалася яшчэ ў маі, а цяпер з’яўляецца непасрэдным яе ўдзельнікам.

– У нас працуюць тры энерганасычаныя збожжаўборачныя камбайны GS-12 А1, усе дастаткова новыя, чацвёрты – GS-12 2011-га года выпуску; на адвозцы задзейнічаны чатыры аўтамабілі МАЗ.
– Чаму вырашылі паспрабаваць сябе на жніве?
– Душа ляжыць да тэхнікі, а камбайн – адна з самых магутных сельскагаспадарчых машын, адчуванні ад кіравання ім ні з чым не параўнаць. Сёлета я не спяшаюся ставіць рэкорды, паступова вучуся справе хлебароба пры падтрымцы больш вопытнага напарніка – памочніка камбайнера Дзмітрыя Шаламанава.




Галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Аляксандр Кугейка рады ўраджаю, які нават па папярэдніх падліках перавышае мінулагодні па сваіх паказчыках.

– Сёлета ўборачная плошча складае 1093 гектары, з іх 250 – яравы клін і 843 – азімы. На сёння поўнасцю завершана ўборка азімага ячменю на плошчы 158 гектараў, намалочана 615 тон пры сярэдняй ураджайнасці 38,9 ц/га. Яравога ячменю ўбрана 39 гектараў са 100 пры ўраджайнасці ад 30 да 42 ц/га, за бліжэйшыя два дні яго ўборка будзе завершана. На чарзе – азімы рапс і азімая збожжавая група, авёс, яравая пшаніца і гарох, якія будзем жаць па меры выспявання. Надвор’е дазваляе нам працаваць у поўную сілу, таму спадзяёмся паказаць высокія тэмпы ўборачнай кампаніі.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga