Эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці, скарачэнне выдаткаў на прадпрыемствах, пошукі грыбнікоў, падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Будоўля і рамонт

На бягучым тыдні пройдуць рабочыя штабы з удзелам спецыялістаў абласнога ўзроўню па будаўніцтве арэнднага дома па вуліцы Чапаева ў райцэнтры, паліклінікі ў гарпасёлку Наваельня, прафілакторыяў для цялят дзятлаўскіх сельгаспрадпрыемстваў.

Па лініі ЖКГ прадаўжаецца работа па рамонце дваровых тэрыторый у Дзятлаве і Наваельні, кацельні – у аграгарадку Жукоўшчына. Асвойваюцца сродкі, выдаткаваныя з бюджэту на рамонт дахаў шматпавярховых дамоў. Па завярэннях дырэктара РУП ЖКГ Васіля Пецюка, усе асноўныя рамонтныя работы будуць завершаны ў верасні.

Закранулі тэму падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду, якая знаходзіцца пад пастаяннай увагай. На Дзятлаўшчыне зарэгістраваны 25 цеплакрыніц, з іх 15 належаць жыллёва-камунальнай гаспадарцы. 96 % – агульны працэнт падрыхтоўкі, па цеплакрыніцах ЖКГ атрыманы пашпарты гатоўнасці ў стапрацэнтным аб’ёме. Што датычыцца спажыўцоў цеплавой энергіі, усяго па раёне іх 103, пашпарты гатоўнасці атрымалі 87.

Эканоміка павінна быць эканомнай

– Аднак да аптымізацыі выдаткаў на прадпрыемствах павінен быць комплексны падыход, які дазваляе сістэмна іх скарачаць, не наносячы шкоды вытворчаму патэнцыялу, – гэту важную тэму ўзняў на нарадзе старшыня райвыканкама. – Працэс кіравання рэсурсамі арганізацыі – гэта не проста скарачэнне, а пошук лепшага балансу паміж выдаткамі і прыбыткам.

Эканомія павінна быць, але без страты якасці – такую задачу абазначыў Андрэй Садоўскі кіраўнікам прадпрыемстваў раёна.

На нарадзе гаварылі таксама пра работу з пакупнікамі дзяржаўнай маёмасці, кантроль за выкананнем умоваў яе набыцця і абавязках па падтрыманні парадку на аб’ектах.

Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што задача адказных службаў, сельвыканкамаў абследаваць і кантраляваць работы, якія праводзіць пакупнік пасля здзелкі. Пры выяўленні фактаў безгаспадарчасці неадкладна павінны прымацца меры па прымусе пакупніка да выканання ўмоў дагавора.

Цяпло без рызыкі

Праверка і рамонт пячнога ацяплення – тэмы, якія выходзяць на першы план арганізацыі бяспечных умоў пражывання дзятлаўчан у сельскай мясцовасці. Па інфармацыі першага намесніка начальніка Дзятлаўскага РАНС Уладзіміра Бяляткі, у раёне 1408 домаўладанняў з пячным ацяпленнем, ва ўсіх (за выключэннем трох, дзе летам няма гаспадароў) пабывалі ратаўнікі з праверкай спраўнасці печаў, стану комінаў і наяўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Паўторны (кантрольны) агляд пройдзе ў верасні.  

На мінулым тыдні супрацоўнікі аддзела аказвалі дапамогу насельніцтву па распілоўцы паваленых дрэў і праводзілі апрацоўку і выдаленне гнёздаў джаланосных насякомых.

На Дзятлаўшчыне адбыўся адзін пажар. У вёсцы Савічы гарэла гаспадарчая пабудова. Людзі не пацярпелі.

Пагуляла ў фінансавы мінус

Ад здарэнняў па лініі РАНС перайшлі да праваахоўных. Жыхарка раёна, студэнтка, напрыканцы летніх канікулаў паўдзельнічала ў інтэрнэт-гульнях. У выніку пералічыла 125 рублёў на рахунак ашуканцаў. Міліцыя праводзіць праверку.

У сферы АПК зафіксаваны чарговы крадзеж запчастак сельскагаспадарчай тэхнікі. Работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў на працягу трох гадоў папаўняў дамашні склад. Узбуджана крымінальная справа.

Шукалі на мінулым тыдні грыбніка. Сямейная пара накіравалася ў лес на ціхае паляванне. У дамоўлены час жанчына прыйшла да машыны, а муж не з’явіўся. У выніку мужчыну шукалі разам з міліцыяй. Каля 22 гадзін таго ж дня ён быў знойдзены, медыцынская дапамога яму не спатрэбілася.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации