У красавіку гэтага года на Гродзеншчыне быў дадзены старт абласному праекту “Чырвоная зорка героя”, які аб’яднаў абласную арганізацыю РГА “Белая Русь”, галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, школы і гімназіі Прынёмання, людзей, нераўнадушных да подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Праект скіраваны на ўвекавечанне памяці абаронцаў Радзімы і ахвяраў ваеннага ліхалецця, уключае ў сябе догляд воінскіх пахаванняў, мерапрыемствы па пошуку магіл ветэранаў, зборы іх біяграфічных звестак, устаноўцы сімвалаў – чырвоных зорак з крышталю. Гэты знак увасабляе гераізм і мужнасць загінулых у гады вайны салдат, служыць напамінам аб важнасці захавання гістарычнай памяці.

У рамках праекта майстрамі ААТ “Шклозавод “Нёман” былі выраблены і перададзены ў раёны Гродзеншчыны 80 крыштальных зорак. “Чырвоная зорка героя” – частка маштабнага пошукава-даследчага праекта школьнікаў “Ад вытокаў да будучыні”, вынікі якога будуць падведзены восенню.

Вясной у адкрыцці праекта ўдзел прымала дэлегацыя дзятлаўчан, якую ўзначальваў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка. Пад яго кіраўніцтвам у нашым раёне цяпер адбываецца ўстаноўка знакаў-сімвалаў “Чырвоная зорка героя”, першая з якіх заняла сваё пачэснае месца ў гарадскім пасёлку Наваельня на магіле жанчыны-ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Таісы Грахнёвай.


Удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання прымалі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык, старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч, дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Алена Круглова, настаяцель царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарадскога пасёлка Наваельня протаіерэй Валерый Мануйла, педагогі, навучэнцы, жыхары.


– У год 80-годдзя Вялікай Перамогі на Дзятлаўшчыне мы даём старт абласному патрыятычнаму праекту, – расказаў Вадзім Бялятка. – “Чырвоная зорка героя” – не проста сімвал, але і “маяк”, які напамінае аб мужнасці і адвазе ваеннага пакалення. Яна стане не толькі знакам, але і мостам паміж пакаленнямі, нагадваючы, што сапраўдная слава бессмяротная. Толькі разам мы можам захаваць гістарычную праўду і памяць, перадаць іх новым пакаленням.

– Вялікі гонар для новаяльнянцаў, што ў нас ёсць зямлячка, на помніку якой будзе ззяць зорка героя, – зазначыла Людміла Радзевіч. – Таіса Грахнёва нарадзілася 31 ліпеня 1926 года ў Мінску ў сям’і доктара. Разумная, актыўная. Бацька спадзяваўся, што яна стане дыпламатам, аднак вайна скасавала планы. У 1941 годзе Таіса цвёрда вырашыла, што будзе добраахвотніцай, трапіла ў атрад спецпадрыхтоўкі, дзе трэніравалі байцоў для адпраўкі ў тыл ворага. Менавіта ў акупаванай Беларусі яна ўбачыла фашыстаў. На жаль, сярод байцоў знайшоўся здраднік, увесь атрад немцы расстралялі зімовым вечарам. Калі раніцай партызаны знайшлі забітых і пачалі хаваць, заўважылі, што раны дзяўчыны крывавяць.

Таіса перанесла некалькі складаных аперацый, але выжыла. У шпіталі пазнаёмілася з будучым мужам Васілём Ільічом, які таксама ваяваў. Пасля выпіскі прыехала ў Наваельню, дзе доктарам працаваў бацька. Пазней сюды ж прыехаў Васіль, з якім пажаніліся, выгадавалі двух сыноў. У мірны час жанчына была выхавальніцай. На жаль, Таіса Фядосьеўна, яе муж і дзеці ўжо пайшлі з жыцця. На Новаяльнянскіх могілках пахаваны абодва ветэраны-бацькі і іх сын воін-інтэрнацыяналіст Юрый. Лёсы гэтых людзей – прыклад доблесці і адвагі для нашчадкаў.

Вадзім Бялятка і Людміла Радзевіч прымацавалі на помніку Таісы Грахнёвай чырвоную зорку героя. Прысутныя ўшанавалі памяць аб подзвігу ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання і ў знак глыбокай павагі ўсклалі кветкі на магілы.









На Дзятлаўшчыне праект прадаўжаецца.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga