Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу па стварэнні тэматычных экспазіцый да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне “Генацыд на Дзятлаўшчыне”, арганізаванага аддзелам адукацыі райвыканкама пры падтрымцы пракуратуры Дзятлаўскага раёна.

Удзел у ім прымалі ўсе дванаццаць школ раёна. На працягу навучальнага года пад кіраўніцтвам педагогаў навучэнцы пастараліся глыбей асэнсаваць антыгуманны характар генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд і праз экспазіцыі, прысвечаныя памяці яго ахвяраў, паказаць, наколькі небяспечныя падобныя з’явы ў свеце.

У аглядзе-конкурсе прымалі актыўны ўдзел кіраўнікі музеяў, бацькі навучэнцаў, творчыя калектывы ўстановаў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі раёна. Праведзена мэтанакіраваная работа па ўвекавечанні памяці ахвяраў генцыду беларускага народа, даследаваны малавядомыя падзеі і факты гісторыі населеных пунктаў Дзятлаўшчыны перыяду Вялікай Айчыннай вайны, лёсы ўдзельнікаў, відавочцаў, загінулых. У школьных музеях па выніках праведзенай работы значна папоўніліся матэрыялы аб генацыдзе, абноўлены і прадстаўлены змястоўныя сучасныя экспазіцыі з выкарыстаннем інтэрактыўных сродкаў і візуалізацыі, рэалізаваны даследчыя праекты, праведзена больш за чатырыста пяцьдзясят мерапрыемстваў з поўным ахопам навучэнцаў усіх узростаў і запрашэннем зацікаўленых структур соцыуму.

Цяпер абноўленыя экспазіцыі “Генацыд на Дзятлаўшчыне” выкарыстоўваюцца для правядзення інфармацыйных гадзін, урокаў мужнасці, інтэрактыўных і тэатралізаваных экскурсій, іншых мерапрыемстваў патрыятычнай скіраванасці.
У музеі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізуецца праект па стварэнні экспазіцыі “Ніколі больш!”, якая раскажа аб генацыдзе беларускага народа на мове мастацтва, жывапісу, музыкі, кіно. На інтэрактыўнай пляцоўцы мяркуецца размясціць галерэю работ удзельнікаў аўтарскага творчага праекта “Ніколі больш! Або мовай дзіцячага жывапісу пра вайну і генацыд”, які стартуе 22 чэрвеня 2025 года ў Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа пад эгідай аб’яднання па інтарэсах мастацкай творчасці “Перспектыва” (кіраўнік Роберт Асіпук). Там жа будуць размешчаны фотаздымкі, выказванні відавочцаў, матэрыялы, сабраныя Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь і пракуратурай Гродзенскай вобласці ў час расследавання крымінальнай справы. Фінальным элементам экспазіцыі стане мастацкая інсталяцыя “Карабельчык Міру” па матывах элемента мемарыяла “Чырвоны бераг”. Асноўныя работы па яе стварэнні плануецца завяршыць да канца 2025 года.

Па выніках агляду-конкурсу пераможцамі намінацыі “Лепшае афармленне тэматычнай экспазіцыі, прысвечанай памяці ахвяраў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд” сталі Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук і гімназія № 1 горада Дзятлава, на другім месцы Вензавецкая і Хвінявіцкая сярэднія і Раклевіцкая і Жукоўшчынская базавыя школы, на трэцім – Круцілавіцкая сярэдняя школа.
Лідары намінацыі “Лепшая арганізацыя работы па выкарыстанні тэматычнай экспазіцыі, прысвечанай памяці ахвяраў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд” – Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук, сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, гімназія № 1 горада Дзятлава, на другой пазіцыі – Вензавецкая і Хвінявіцкая сярэднія школы, на трэцяй – Гезгалаўская, Казлоўшчынская, Дварэцкая, Круцілавіцкая сярэднія, Раклевіцкая і Жукоўшчынская базавыя школы і сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы.
У намінацыі “Лепшае віртуальнае прадстаўленне тэматычнай экспазіцыі, прысвечанай памяці ахвяраў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд” другое месца раздзялілі Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук, гімназія № 1, сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.
Ірына СТЫРНІК
Фота арганізатараў
#образование