На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прааналізавана сітуацыя па абароне законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх у дзесяці сем’ях раёна, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, чатыры пасля выпраўлення крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту зняты з уліку, з астатнімі работа прадоўжана. Яшчэ ў адной сям’і падрахункавалі выкананне плана абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Разгледжаны пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйнай адказнасці на непаўналетняга з-за недасягнення ім узросту адказнасці і адміністрацыйны пратакол на маці хлопчыка, якая належным чынам не выканала сваіх абавязкаў, што прывяло да ўчынення сынам правапарушэння: жанчына папярэджана, са школьнікам праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, у сям’і пройдзе сацыяльнае расследаванне.
Дзіця-інвалідпрызнана ў сацыяльна ненадзейным становішчы ў выніку сацыяльнага расследавання, пры правядзенні якога пацвердзіліся крытэрыі недабрабыту.
Сем’і розныя – праблемы класічныя
Сярод дзесяці сем’яў раёна, бацькі з якіх былі запрошаны на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама з-за таго, што іх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, толькі ў чатырох дарослыя здолелі ўхіліць крытэрыі і паказчыкі недабрабыту, у выніку чаго іх сыноў і дачок знялі з уліку. З астатнімі праведзены сур’ёзныя размовы, і работа па выпраўленні жыццёвых сітуацый будзе прадоўжана, як і кантроль над паводзінамі дарослых.
Сапраўды, не ўсе бацькі могуць быць прыкладам для сваіх дзяцей. Нягледзячы на тое, што ненадзейныя сем’і, у якіх аналізавалася сітуацыя па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, розныя па колькасці дзяцей, узросце, адукаванасці, даходах бацькоў, праблемы ў іх класічныя: найчасцей гэта згубнае захапленне дарослых алкаголем, з якога “вырастаюць” прагулы, звальненні, хатнія скандалы, антысанітарыя, бадзяжніцтва, іншыя негатыўныя з’явы.
На жаль, бывае і такое, што пасля скасавання шлюбу з бацькам дзіцяці маці прыводзіць у дом сужыцеля, які пачынае цягнуць сям’ю на дно сваімі п’янкамі і сваркамі. Адной з такіх жанчын члены камісіі ўжо не раз ставяць задачу: ці паказаць на дзверы гора-гаспадару, ці прымусіць яго прайсці лячэнне ад алкагалізму. Станоўчага рашэння пакуль няма, таму маці папярэдзілі аб магчымым адабранні сына.
Яшчэ ў адной сям’і бацька цяпер ужо трох дзяцей (жонка нядаўна нарадзіла) не можа вызначыцца, што яму даражэй: сямейны лад ці кампанія сяброў і бутэлька.
Некаторыя дарослыя наогул прайшлі праз працэдуру прызнання дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, затым здолелі ўхіліць праблемы, вярнуць непаўналетніх у сям’ю, аднак іх жыццё, як арэлі: то прайшлі лячэнне, то залежнасць зноў вярнулася і неабходна больш пільная ўвага службаў прафілактыкі. Асабліва ж насцярожвае, калі жанчына-аматарка моцных напояў яшчэ і цяжарная.
Падобных прыкладаў можна прывесці шмат. На жаль, у практыцы камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама яны сустракаюцца амаль на кожным пасяджэнні.
Назіраюцца пазітыўныя зрухі
Непаўналетніх са шматдзетнай сям’і прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне ў кастрычніку мінулага года, а дарослых у чарговы раз запрасілі на пасяджэнне для аналізу выканання плана абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Калі на пачатку адабрання да паводзінаў бацькоў былі пэўныя пытанні з-за прагулаў і прыцягнення мужчыны да адміністрацыйнай адказнасці, то цяпер назіраюцца станоўчыя зрухі. Абодва дарослыя прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці, наведвалі дзяцей у прытулку, ішлі на кантакт са спецыялістамі службаў прафілактыкі.
Члены камісіі падбадзёрылі іх, што калі станоўчая тэндэнцыя ў сям’і прадоўжыцца, то дзеці абавязкова вернуцца дамоў. Хутка будзе прынята канчатковае рашэнне.
Не ведаў, што нельга лазіць па чужых кішэнях?
У адрас камісіі па справах непаўналетніх была скіравана пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйнай адказнасці на непаўналетняга з-за недасягнення ім узросту адказнасці і адміністрацыйны пратакол на маці хлопчыка.
Як аказалася, жанчына належным чынам не выканала сваіх абавязкаў, што прывяло да ўчынення сынам правапарушэння. У час заняткаў у спартыўнай зале школьнік скарыстаўся момантам, калі на калідор выйшла наведвальніца, куртка якой засталася на вешалцы. Юны спартсмен хуценька “праверыў” кішэні жанчыны. Яго адзіным набыткам стала электронная цыгарэта, якую забраў дахаты і схаваў.
Маленькі злодзей не адразу расказаў маці пра свой дрэнны ўчынак: прызнаўся і аддаў скрадзенае, толькі калі прыйшла міліцыя.
На пытанне членаў камісіі, ці ведае, што лазіць па чужых кішэнях нельга, навучэнец даў станоўчы адказ, аднак патлумачыць матывы правапарушэння не змог.
Яго маці папярэджана аб недапушчэнні падобных паводзінаў дзіцяці ў далейшым, з сынам праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, а ў сям’і пройдзе яшчэ і сацрасследаванне.
Звязалася з кепскай кампаніяй?
Чарговае сацыяльнае расследаванне правялі ў сям’і, дзе гадуецца дзіця-інвалід, ладзіліся яны і раней, але сітуацыя прызнавалася цяжкай. Цяпер прычынай для хваляванняў стаў сямейны скандал паміж жонкай і мужам, ініцыятарам якога была п’яная жанчына.
Як высветлілася, пакуль бацька вярнуўся дамоў у святочны дзень, маці паспела выпіць адна на кухні. Яна першая пачала чапляцца да мужа, кідала ў яго хатнімі рэчамі, а потым ад суседзяў выклікала міліцыю. Зразумела, што праваахоўнікі склалі пратакол не на мужчыну, а на нецвярозую скандалістку.
У час расследавання “ўсплылі” і іншыя непрыемныя сітуацыі: маці сябравала з кепскай кампаніяй, здаралася, што прыходзіла дахаты позна або тэлефанавала, што застанецца начаваць у сваякоў. Пры гэтым сын-інвалід мае патрэбу ў павышанай увазе. Характар работы ў бацькі раз’язны, і яму складана даглядаць хлопчыка пры адсутнасці жонкі.
Паколькі крытэрыі сямейнага недабрабыту пацвердзіліся, дзіця прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы, а жанчыну папярэдзілі, што варта перагледзець свае паводзіны, паколькі менавіта яны сталі прычынай сямейнага недабрабыту.
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga