25 лістапада ў Дзятлаўскім раёне праходзіць выязная калегія ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “Аб арганізацыі работы публічных бібліятэк Гродзенскай вобласці”. Адкрыла сустрэчу выстава-прэзентацыя “Сфера культуры Дзятлаўскага раёна: ад традыцый да навацый”.










Даведацца пра вопыт работы ўстановаў гасцям прапанавала загадчыца сектара культуры Дзятлаўскага райвыканкама Таццяна Ваніслаўчык:

– Сфера культуры Дзятлаўскага раёна сёння – адзін з ключавых драйвераў захавання культурнай і гістарычнай спадчыны краю, папулярызацыі брэнда раёна. Паслядоўнаму і комплекснаму рашэнню задач спрыяе ў тым ліку шырокае выкарыстанне запатрабаваных сучасных фарматаў, лічбавых сэрвісаў і праектных тэхналогій, асноўным каардынатарам па захаванні нематэрыяльнай спадчыны выступае раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці.
Больш падрабязна, як праз праект “Глыбінкай жыве Беларусь” у раёне захоўваецца нематэрыяльная спадчына, падтрымліваюцца традыцыі і ўкараняюцца навацыі, патлумачыла загадчыца метадычнага аддзела Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец.


Дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка спынілася на тэме “Таленты ХХІ стагоддзя: школа, мастацтва, моладзь”. Прысутным была прадстаўлена выстава “Беларускі каларыт” і дошка перамог юных талентаў раёна.

Дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка заклікала да размовы ў форме “Бібліятэка 2.0: вопыт і фарматы”, расказала пра стварэнне ўласных лічбавых рэсурсаў, у тым ліку краязнаўчых баз даных, а таксама пра культурнае супрацоўніцтва ўстановы з беларускай дыяспарай Рэспублікі Комі.
Старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея Людміла Павачка ўзняла тэму ўзаемадзеяння культуры раёна і турызму, спынілася на кропках прыцягнення нашага краю. Каб не заставацца галаслоўнымі, спецыялісты прадставілі гасцям інтэрактыўную экскурсію “Штэтл: ажыўшая гісторыя Дзятлава”, паказалі відэапрэзентацыю іншых праектаў.




Пасля першай секцыі праграму калегіі прадоўжыла знаёмства з дзейнасцю бібліятэк нашага раёна. Галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Анастасія Пекар заклікала работнікаў бібліятэчнай сістэмы Прынёмання ўважліва паглядзець, як у розных па ўзроўні, плошчах, колькасці насельніцтва, формах работы бібліятэках Дзятлаўшчыны арганізуецца работа, ладзяцца выставы, падаецца кніжны фонд, каб укараніць лепшы вопыт ва ўласную практыку.



Сцежкамі кніжнай мудрасці правялі ўдзельнікаў сустрэчы супрацоўнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі на чале з Вольгай Бойка. З “кніжным сэрцам пасёлка” праз панараму прафесійнага вопыту прысутных азнаёміла загадчыца філіяла “Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка – цэнтр агульнадаступнай інфармацыі” Людміла Хілімончык.












Спецыяльнай праграмай “Шчыра вітаем, у госці запрашаем” сустрэлі ўдзельнікаў калегіі работнікі Дварэцкага дома культуры, а бібліятэкар філіяла “Дварэцкая сельская бібліятэка сямейнага чытання” Алена Казлова запрасіла адкрыць свой “Дварэц кніжных скарбаў” праз вопыт і творчыя знаходкі ўстановы.










У другой палове дня практычную частку мерапрыемства зменіць пасяджэнне выязной калегіі ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта па тэме “Аб арганізацыі работы публічных бібліятэк Гродзенскай вобласці”, якое пройдзе ў раённым выканаўчым камітэце.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga