Днямі ў сацыяльных сетках быў апублікаваны відэаролік аб прыпаркаваным на два месцы аўтамабілі на адной са стаянак у горадзе Дзятлаве. У каментарыях пачалося бурнае абмеркаванне гэтай сітуацыі. Многія пачалі абурацца, што такія вадзіцелі паркуюцца, як ім уздумаецца, другія выказалі меркаванне, што чалавек проста ненадоўга пайшоў па справах. Адзін з каментатараў патлумачыў, што ў машыны зламалася каробка перадач, таму яна так спынілася.
Аднак калі ў дадзеным выпадку ёсць парушэнне, то павінна быць і адказнасць, а яна за падобнае якая? На гэтае пытанне даў адказ дзяржаўтаінспектар МА ДАІ Слонімскага РАУС Аляксей Ярмак:
– Супрацоўнікамі міжраённага аддзела ДАІ Слонімскага РАУС праводзіцца праверка па факце парушэння вадзіцелем “Сітраена” пункта 139 Правілаў дарожнага руху, згодна з якім транспартныя сродкі дазваляецца ставіць на стаянку з захаваннем патрабаванняў дарожных знакаў і гарызантальнай дарожнай разметкі, а пры іх адсутнасці – пры умове рацыянальнага выкарыстання месца стаянкі, не ствараючы перашкоды для доступу да іншых транспартных сродкаў, якія знаходзяцца на ім, і іх наступнага руху. У ходзе праверкі будзе дадзена прававая ацэнка ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Святлана ГРЫШЫНА