Добры дзень, паважаныя сябры! Чарговая сустрэча сямейнага лекторыя прысвечана багатай спадчыне беларускай зямлі — легендам і паданням. Нашы продкі з пакон вякоў назапашвалі культуру, фальклор і перадавалі з пакалення ў пакаленне.
Сёння прапаную вашай увазе серыю навукова-папулярных кніг, складальнікам якіх з’яўляюцца А.М. Боганева і Т.В. Валодзіна. Гэтыя выданні — сапраўдныя скарбы для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй, прыродай і духоўнай спадчынай Беларусі.

📖 «Расліны зямлі беларускай. Легенды пра дрэвы». Кніга адкрывае перад чытачом свет беларускіх дрэў, апавядае пра іх сімволіку і месца ў народных паданнях. Тут ёсць легенды пра іх паходжанне і народныя тлумачэнні з’ўлення іх адметных рыс. Напрыклад, чаму асіна дрыжыць, а бяроза сок мае і галінкі апушчаныя да зямлі, чаму елка вечназялёная.
📖 «Расліны зямлі беларускай. Легенды пра кветкі». Гэтая частка серыі прысвечана паходжанню кветак, травяністых і збожжавых раслін, іх назваў, асаблівасцей знешняга выгляду і ўласцівасцей. Напрыклад, чаму колас ад зямлі не расце, чаму аер на Тройцу ў хаце сцелюць, адкуль хрэн з’явіўся і чаго ад яго плачуць.
📖 «Адкуль пайшлі птушкі». Асобная кніга, якая пераносіць нас у свет крылатых сяброў чалавека. У ёй сабраны паданні пра паходжанне птушак, іх ролю ў жыцці людзей і ў народнай міфалогіі. Напрыклад, чаму ў бусла чорна-белае апярэнне, чырвоная дзюба і ногі, адкуль зязюля, салавейка і плісачка.
У кнігах прысутнічаюць казкавыя сюжэты. Этыялагічныя легенды — цікавыя і ў той жа час павучальныя гісторыі, бо даводзяць важныя правілы ўзаемаадносін між людзьмі ў свеце прыроды. Такія гісторыі вучаць нас быць добрымі, справядлівымі, уважлівымі да іншых. Абсалютная большасць легенд гэтых кніг запісана падчас экспедыцый складальнікаў па Беларусі. Гэтыя выданні не толькі знаёмяць з багатым фальклорным матэрыялам, але і дапамагаюць адчуць сувязь з роднай зямлёй, яе прыродай і традыцыямі. Кожная легенда — маленькі мост паміж мінулым і сучаснасцю, паміж мудрасцю продкаў і нашым сённяшнім жыццём.
Выданні адрасаваны для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, але будзе цікава ўсім, хто цікавіцца фальклорнай спадчынай нашай краіны.
Чакаем вас ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы, ў філіялах гарпасялковых і сельскіх бібліятэк Дзятлаўскага раёна.
Алена Якаўчык, бібліятэкар аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці, метадычнай работы і фарміравання бібліятэчнага фонду
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga