Дабрачыннасць – адзін з галоўных напрамкаў у рабоце Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, і ў прыярытэце, у першую чаргу, уразлівыя катэгорыі грамадзян.
На гэты раз старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Галіна Касцюк перадала для Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы крэсла-каляску для інвалідаў і падгузнікі для дарослых.
Лідара дабрачыннай арганізацыі ва ўстанове аховы здароўя сустракалі галоўны доктар Віктар Яцкевіч і члены працоўнага калектыву.

– Упэўнена, што падарункі прыемна атрымліваць не толькі напярэдадні святаў, але і ў працоўныя будні, – зазначыла Галіна Касцюк. – Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа перадае самай вялікай пярвічнай арганізацыі Дзятлаўскага раёна, а яна функцыянуе менавіта ў ЦРБ, крэсла-каляску для інвалідаў, якая заўсёды запатрабавана ў буйной установе аховы здароўя, дзе лячэнне праходзяць людзі з захворваннямі апорна-рухальнага апарата, фізічна аслабленыя грамадзяне, якіх даводзіцца перавозіць. Такая ж каляска ад нашага аб’яднання была перададзена сюды ў 2021 годзе, аднак за гэты час ужо прыйшла ў непрыгоднасць, таму новая будзе вельмі дарэчы. У бальніцы, асабліва ў рэанімацыйным аддзяленні, заўжды неабходныя і памперсы: медыкі часта звяртаюцца да нас з такой просьбай, таму было прынята рашэнне аб іх прадастаўленні.
Раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа цесна супрацоўнічае з бальніцай, тым больш што галоўны доктар Віктар Яцкевіч з’яўляецца яшчэ і членам прэзідыума нашага аб’яднання. Актыўныя і іншыя валанцёры пярвічкі. Так, вадзіцель Уладзімір Маслаў дапамог у дастаўцы гэтых падарункаў, а ў пытаннях дабрачыннасці заўсёды ідуць насустрач намеснік галоўнага доктара Алена Якубоўская, загадчык гаражоў Андрэй Сіняк, іншыя работнікі ўстановы, за што ім шчыры дзякуй. Спадзяюся, што наша далейшае супрацоўніцтва будзе такім жа плённым і выніковым.

– Падобная дапамога заўжды запатрабавана, – пацвердзіў Віктар Яцкевіч, – паколькі пацыентамі нашай установа нярэдка з’яўляюцца малазабяспечаныя і адзінокія пажылыя грамадзяне, якія не заўжды могуць набыць для сябе падгузнікі і іншыя сродкі гігіены. Усе гэтыя падгузнікі будуць выкарыстаны ў стацыянары і дазволяць палепшыць умовы аказання медыцынскай дапамогі самым сацыяльна неабароненым пацыентам.


Крэсла-каляска таксама заўжды запатрабавана, паколькі ў нас праходзіць лячэнне шмат людзей з рухальнымі абмежаваннямі, звязанымі як з траўмамі, так і з захворваннямі. Такія каляскі маюць пэўны эксплуатацыйны тэрмін і патрабуюць своечасовай замены, таму вельмі рады, што ў гэтым нам аказвае падтрымку Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#подгузники #больница #красный крест