Урачыста і ажыўлена было 23 красавіка ў фае Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Свае творчыя выставы тут экспанавалі сем’і-ўдзельніцы раённага этапу VII рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2026”.

На гэты раз за званне лепшай спаборнічалі захопленыя і таленавітыя, крэатыўныя і працавітыя сем’і Лагуцікаў, Баравіковых, Лішыкаў, Свібаў, Мухаў, Чарнухаў, Ляхаў.

Конкурс “Сям’я года” – адно з мерапрыемстваў, прадугледжаных Дзяржаўнай праграмай “Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу”. Ён скіраваны на ўмацаванне духоўна-маральных асноваў сям’і, павышэнне прэстыжу бацькоўства, шматдзетнасці, папулярызацыю ў грамадстве сямейных традыцый і каштоўнасцяў. Арганізатарымі раённага этапу конкурсу сталі райвыканкам, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, аддзелы адукацыі, ідэалагічнай работы і па справах моладзі, сектар культуры райвыканкама.

Вітаючы прысутных, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, які ўзначальваў журы, адзначыў:

– Здаецца, яшчэ нядаўна мы былі пад уражаннем цудоўнага рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2024”, а ўжо стартуе новы сезон праекта. Спадзяюся, сем сёлетніх сем’яў-удзельніц не толькі пакажуць усё лепшае, што ў іх ёсць, але і праз гады захаваюць сваё каханне, якое прадоўжыцца ў іх дзецях і ўнуках. Дабрабыту ўсім, ладу, шчасця і поспехаў.

У рамках конкурсу ўдзельнікі падрыхтавалі самапрэзентацыі праз творчы праект “Сям’я: формула шчасця”, у час якіх у крэатыўнай форме расказалі пра свой сямейны ўклад, захапленні, традыцыі.

У відэароліках-дамашнім заданні “Усё пачынаецца з сям’і”, якія, дарэчы, можна пабачыць на сайце і ў сацыяльных сетках раённай газеты “Перамога”, яны падзяліліся вопытам, як умеюць гарманічна спалучаць прафесійнае развіццё і бацькоўскія клопаты.

Трэцім заданнем для канкурсантаў былі сацыяльныя праекты, звязаныя з тэмай Года беларускай жанчыны. Праз іх кожная з сем’яў расказала, што карыснага можа прапанаваць землякам, малой радзіме, сваёй краіне. Так, Лагуцікі і Баравіковы са сваімі праектамі “Лета без надзвычайных сітуацый – бяспека ў жаночых руках” і “Азбука бяспекі ад Баравіковых” заклікалі да асцярожных і ўважлівых паводзінаў. Музычная “Сімфонія сям’і Лішык – дырыжор сямейнага шчасця” прагучала ў выкананні дзіцячага калектыву з падтрымкай дарослых. Захоўваць вясковы лад жыцця як “Жывую нітку традыцый” праз аднайменны праект вучылі Свібы. “Берагіняй мінулага, энергіяй будучыні” назвалі жанчыну і справы яе рук Мухі. Сям’я Чарнухаў, якая любіць лазню і травяныя чаі, прадставіла праект “Целительницы”. Сям’я Ляхаў падзялілася сакрэтам, што ў іх ёсць свой “Сямейны компас: вандруем, памятаем, ганарымся” і прапанавалі іншым сем’ям таксама пабываць у цікавых мясцінах Беларусі.   

Падводзячы вынікі творчых спаборніцтваў, Аляксандр Бараноўскі зазначыў, што выбраць лепшых журы было няпроста, бо ўсе паказалі высокія вынікі. Ён падзякаваў удзельнікам за грунтоўную падрыхтоўку і пазітыўныя эмоцыі, якія яны падарылі гледачам, пажадаў здароўя і сямейнага шчасця.

Пераможцай раённага этапу VII рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2026” стала сям’я Ляхаў, якая прадставіць Дзятлаўшчыну на абласным этапе праекта. Другое месца заняла сям’я Баравіковых, на трэцяй пазіцыі замацавалася сям’я Свібаў. Усе сем’і, якія спаборнічалі на раённай сцэне, адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў, падарункамі ад арганізацый, дзе працуюць бацькі, і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Даведка

У сям’і пераможцаў Андрэя і Вольгі Ляхаў гадуецца чацвёра дзяцей: васьмікласніца Паліна, шасцікласніца Кацярына, навучэнка другога класа Анастасія і маленькі Мірон, які ходзіць у дзіцячы сад. Разам яны сапраўдная каманда, кожны дзень якой напоўнены рухам і стварэннем. Іх жыццё – калейдаскоп захапленняў: ад імклівых заездаў на веласіпедах да інтэлектуальных баталій за шашачнай дошкай. Дружныя, актыўныя, яны даказваюць, што для таленту і спорту няма перашкод. Для гэтай сям’і не існуе закрытых гарызонтаў, бо іх аб’ядноўвае агульнае захапленне падарожжамі і вера ў тое, што свет адкрываецца смелым. Аднак у самым актыўным рытме ёсць месца для музыкі, якая гарманічна дапаўняе іх спартыўны драйв. Гэта яркі прыклад таго, як любоў да жыцця і творчасці спалучае пакаленні ў адну моцную і шчаслівую гісторыю.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации