Ёсць даты, якія немагчыма выкрасліць з памяці. Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў – адна з іх. Гэта дзень смутку па мільёнах загінулых і дзень пашаны тым, хто здолеў выстаяць у нечалавечых умовах. У бібліятэках-клубах Дзятлаўшчыны прайшлі мерапрыемствы, якія яшчэ раз нагадалі: мір – гэта найвялікшы дар, а памяць – наш агульны абавязак.

У час гадзіны памяці ў Хвінявіцкай сельскай бібліятэцы-клубе “У пекле фашысцкіх лагераў” размова ішла пра тое, што цяжка асэнсаваць розумам. Прысутныя пачулі пра жудасную сістэму фашысцкіх турмаў і гета, дзе чалавечае жыццё ператваралася ў лічбу на статыстычным бланку.

Вельмі важна, каб праўду пра вайну ведалі дзеці. Менавіта таму бібліятэкар Раклевіцкай сельскай бібліятэкі-клуба завітала ў мясцовую пачатковую школу і ладзіла гутарку “Памятае свет выратаваны”. Вучні даведаліся пра лёсы людзей за калючым дротам, якой цаной была здабыта Вялікая Перамога. Асаблівая ўвага была нададзена кнігам. Выданні “Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці”, “Хатынь” А. Зельскага, “Полацкая Галгофа” С. Копыла сталі для школьнікаў сапраўднымі правадырамі ў мінулае. Праз друкаванае слова дзеці ўбачылі гісторыю вачыма відавочцаў, што дапамагае выхоўваць сапраўдных патрыётаў і людзей з чулым сэрцам.

Бібліятэкар Войневіцкай сельскай бібліятэкі наведала работнікаў КСУП “Войневічы” з аглядам літаратуры “Памяць стукае ў дзверы вашага сэрца… Помніце!”. Былі прадстаўлены кнігі-сведчанні аб генацыдзе беларускага народа, карных аперацыях і трагедыях дзіцячых лагераў смерці, такіх як “Чырвоны бераг”.

Гэтыя кнігі – не проста архіў, а жывая перасцярога. Яны нагадваюць: памяць аб мінулым – гэта залог нашай мірнай будучыні. Мы памятаем, каб жыць!
Марына БОРТКА,
бібліятэкар Дзятлаўскай бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga