Сучасная навінка з’явілася на галоўным спартыўным аб’екце Дзятлаўшчыны перад пачаткам футбольнага сезона і зробіць матчы яшчэ больш цікавымі і інфармацыйнымі.

Больш падрабязна пра яе расказаў загадчык сектара спорту райвыканкама Дзмітрый Ёда:

– Не сакрэт, што Дзятлаўшчына падтрымлівае паўвекавыя футбольныя традыцыі. Мы з’яўляемся пастаяннымі ўдзельнікамі чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе, якому цяпер нададзены статус Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі. Сёлета першы тур першага круга чэмпіянату пачнецца 18 красавіка. Дзятлаўчане будуць гуляць яго на выездзе. Разам з тым, правіламі Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” вызначана, што інфармаванне гледачоў павінна ажыццяўляцца праз электронныя сродкі.

Новае электроннае табло дазволіць гэта рабіць. Яго памеры ўнушальныя, таму гледачам і ўдзельнікам будзе зручна атрымліваць усю інфармацыю аб гульні.

Кошт абсталявання каля дзесяці тысяч рублёў. Манціравала яго мінская фірма, а грошы былі выдзелены з раённага бюджэту. Навінка стане зручным дапаўненнем да якаснай арганізацыі правядзення не толькі футбольных матчаў, але і іншых спартыўных спаборніцтваў і гульняў, якія будуць ладзіцца на асноўным спартыўным аб’екце раёна – стадыёне “Колас”.

Дарэчы, устаноўка электроннага табло адбывалася паралельна з мерапрыемствамі па добраўпарадкаванні стадыёна да летняга сезона. На спартыўным аб’екце ажыццяўлялася пафарбоўка агароджы, агляд трыбун, іншыя гаспадарчыя работы.

Прершая дамашняя гульня з трансляцыяй на новым табло адбудзецца 25 красавіка, а гасцямі Дзятлаўшчыны стане каманда з Ашмянскага раёна.

Даведка

У 2026 годзе футбольная каманда нашага раёна будзе спаборнічаць пад назвай ФСК “Дзятлава” і выступаць у дывізіёне Б рэгіянальнага чэмпіянату. Ён налічвае восем каманд з Воранаўскага, Астравецкага, Зэльвенскага, Ашмянскага, Іўеўскага, Дзятлаўскага, Карэліцкага, Бераставіцкага раёнаў. Кожны з сапернікаў будзе прымаць сем дамашніх гульняў і столькі ж згуляе на выездзе.

У дывізіёне А па выніках мінулага года замацаваліся дзесяць каманд: “Неман “Белкард”, Навагрудак, Ліда, Слонім, Шчучын, Свіслач, Ваўкавыск, Масты, Смаргонь, Гродзенскі раён.

Чэмпіянат стартуе 18 красавіка. Першы круг прадоўжыцца да 14 чэрвеня.

Факты і гісторыя

На Дзятлаўшчыне створаны ўсе ўмовы для ўдзелу ў Чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі. Як адзначае Дзмітрый Ёда, у 2023 годзе Прэзідэнтам Беларусі было дадзена даручэнне па ўдасканаленні ўмоваў для правядзення дамашніх матчаў у рамках спаборніцтваў, якія праходзяць пад эгідай Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”, і стварэнні аматарскіх каманд у райцэнтрах і буйных гарадах з насельніцтвам больш за шэсць тысяч чалавек. Цяпер на Гродзеншчыне чэмпіянат праходзіць з удзелам каманд усіх раёнаў, а некаторы час таму іх колькасць была меншай.

Што тычыцца Дзятлаўскага раёна, то з 70-х гадоў і да гэтага часу наша зборная не прапусціла ніводнага сезона ў чэмпіянатах аматарскіх каманд. З 1972 па 1979 гады яна называлася “Будаўнік” і па выніказ гульні ў 1972 годзе была трэцяй ў вобласці. З 1980 па 1985 гады каманда “Матор Дзятлава” базіравалася на базе Аўтапарка № 16, у 1984-м яна стала ўладальніцай кубка вобласці. З 1996 па 2001 гады каманда “Славянка” прадстаўляла Дзятлаўскі сырзавод: у 1996-м заняла першае месца, а ў 1997-м стала ўладальніцай кубка вобласці. Адметным быў перыяд сярэдзіны 90-х, калі ў раёне гулялі тры аматарскія каманды: “Харчавік” (Казлоўшчына), “Лакаматыў” (Наваельня), “Славянка” (Дзятлава). З 2002 па 2006 гады каманда называлася “Ніва”, з 2007 па 2020 гады – “Белая Русь” і прадстаўляла аднайменнае грамадскае аб’яднанне. У 2021 годзе яна базіравалася ў ААТ “Граніт-Агра”. З 2022-га і па цяперашні час выступае пад назвай “ФСК Дзятлава”, яе стваральнік – Дзятлаўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Летась рэгіянальны чэмпіянат па футболе прыняў рэгламент другой лігі Рэспублікі Беларусь і быў падзелены на дывізіёны А і Б.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае  #НаРоднойЗемлеЖивиКакХозяин

Похожие публикации