Ахвотна расчыніў свае дзверы для пяцікласнікаў Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна торфабрыкетны завод “Дзітва”, што на Лідчыне. Гэта адзін з нямногіх заводаў Беларусі, які актыўна займаецца прамысловым турызмам.

Падарожжа пачалося з наведвання выставы чыгуначнага рэтра-транспарту пад адкрытым небам: дзеці ўбачылі вагон-сталовую, пажарную цыстэрну і іншыя ўзоры вузкакалейнага рухомага саставу.

Прадоўжылася знаёмства ў музеі, дзе навучэнцы даведаліся, што здабываць торф пачалі ў 1972 годзе на радовішчы “Бярэзіна”, больш за 50 гадоў таму. Работнікі паказалі школьнікам разнастайную калекцыю сігнальных ліхтароў, форменнае адзенне чыгуначнікаў розных гадоў, інструменты, фатаграфіі і іншыя экспанаты.

Далей пяцікласнікі пабывалі на чыгуначнай станцыі і ў дэпо. Экскурсавод расказаў аб прафесіях машыніста, інжынера-механіка, горнага інжынера, аб іх запатрабаванасці ў нашай краіне. Даведаліся дзеці і пра яшчэ адзін перспектыўны напрамак няпаліўнага выкарыстання тарфяной прадукцыі – гэта гранулы, грунты і ўгнаенні, якія цяпер карыстаюцца вялікім попытам.

Прафарыентацыйная экскурсія на торфабрыкетны завод – выдатны спосаб пазнаёміць школьнікаў з рэальнай вытворчасцю, паказаць, як здабываецца і перапрацоўваецца торф, каштоўная крыніца цяпла і святла, дапамагчы ім вызначыцца з выбарам рабочай або інжынернай спецыяльнасці.

Ларыса НЕНАРТОВІЧ,
класны кіраўнік 5 класа

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации