Адной з самых маштабных і чаканых будоўляў Дзятлаўшчыны на сёння з’яўляецца правядзенне рэканструкцыі лазнева-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры.
У межах рабочага візіту ў наш раён члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутата Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэя Жамойды старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі прапанаваў яму азнаёміцца з ходам работ на месцы.

Кіраўнік раёна і сенатар сустрэліся з Васілём Пецюком, дырэктарам Дзятлаўскага РУП ЖКГ, на балансе якога знаходзіцца будынак, а таксама галоўным інжынерам і прарабам генеральнага падрадчыка – ТАА “Зодчий” (г. Слонім).

Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што пасля завяршэння капітальнага рамонту комплекс будзе перапрафіляваны ў фізкультурна-аздараўленчы. Установа пяройдзе на баланс бюджэтнай арганізацыі – сектара спорту і турызму райвыканкама, што дазволіць ёй атрымліваць фінансавую падтрымку з раённага бюджэту.

Работы па першым пускавым комплексе ідуць актыўна. Згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй дэмантаваны лазневыя печы, замест якіх укладзены новыя, заменены перагародкі ва ўсіх памяшканнях лазні, праведзены чарнавыя аддзелачныя работы – уладкаванне чарнавой падлогі, тынкоўка. Па будынку пракладзены сістэмы электразабеспячэння і ацяплення, апошняя функцыянуе па часовым дазволе для прагравання аддзелкі. У поўным аб’ёме выкананы дахавыя работы з яго ўцяпленнем. Наперадзе – вялікі фронт работ па абліцоўцы пліткай сцен, рамонт столі, устаноўка міжпакаёвых дзвярэй.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga