Непадалёк ад чыгуначнай лініі дарогі Баранавічы – Ліда размясцілася невялікая і вельмі маляўнічая вёска Клішавічы, якая адным канцом як бы ўразаецца ў гару, а другім праз поле дыхае цудоўным водарам хваёвага лесу.
Амаль па суседстве размешчаны карпусы санаторыя “Радон”, лясная рака, возера, багатыя грыбамі лясныя абшары.
Тут, у вёсцы Клішавічы, у 1909 годзе жыло 210 жыхароў, было 11 гаспадарак. Пры панскай Польшчы ў 1923 годзе было ўжо 47 гаспадарак і 265 жыхароў. Перад Вялікай Айчыннай вайной у вёсцы быў размешчаны фальварак памешчыка Аколы (напэўна, яго поўнае прозвішча Мечыслаў Фаміч Аколаў – аўт.). Гэта быў вельмі працавіты і заможны гаспадар, які застаўся жыць у вёсцы пасля 17 верасня 1939 года. Тут жылі шматдзетныя сем’і Талкуноў, Бондараў, Ломацяў, якія займаліся сельскай гаспадаркай, працавалі на чыгунцы. Вёска з’яўлялася прыпынкам і аказвала дапамогу партызанам з атрада “Кастрычніцкі” брыгады імя С. М. Кірава пад камандаваннем Віктара Панчанкава.
Вясеннім майскім днём 1943 года моладзь адпачывала ад працы на гары, што недалёка ад вёскі. Раптам нехта паведаміў, што ў вёсцы робяць аблаву нямецкія карнікі. Міхаіл Фёдаравіч Ломаць (1921 года нараджэння), які дапамагаў партызанам, і ўдзельнік Новаяльнянскага (Рыбацкага) антыфашысцкага падполля Міхаіл Іванавіч Саўчанка вырашылі аказаць супраціўленне ворагу. Міхаіл Ломаць быў застрэлены, а яго таварыш схаваўся ў яго хаце, на гарышчы. Пачаўся няроўны бой, у выніку якога Міхаіл Саўчанка забіў чатырох і параніў аднаго фашыста. Быў паранены і сам. Раз’юшаныя фашысцкія карнікі падпалілі хату, дзе яшчэ жывым ён згарэў.
Міхаіл Саўчанка нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Бархан, паштовае аддзяленне Бутульга Зуеўскага раёна былой Крымскай АССР. У партызанскі атрад уступіў 4 сакавіка 1943 года.
Міхаіла Ломаця пахавалі на вясковых могілках вёскі.
Мясцовая жыхарка вёскі Клішавічы, ветэран педагагічнай працы Соф’я Мікалаеўна Чэрнік з горыччу і слязамі на вачах расказала пра свайго бацьку – Мікалая Аляксеевіча Рудзіка. ”Бацька нарадзіўся ў 1903 годзе і працаваў чыгуначнікам на станцыі Яцукі. Сям’я была вялікая. Акрамя яго ў сям’і жыла ягоная маці, якую па-вясковаму звалі Марыля, мая маці, яе называлі Мар’яна, і бацька Мікалай, якія гадавалі чатырох дачок: Марыю, Насцю, Яніну і мяне – Соф’ю, малодшую. Як толькі бацька пачуў пра дзейнасць партызан, хутка наладзіў з імі сувязь. Ён перадаваў звесткі аб руху варожых цягнікоў. Але сярод яго знаёмых аб’явіўся здраднік, які выдаў бацьку немцам і паліцаям. У адзін з дзён мая 1943 года да яго на работу ўварваліся нямецкія карнікі. Бацьку арыштавалі і завезлі да бункера каля вёскі Яцукі. Пасля допытаў загадалі яму капаць магілу, затым раздзелі да сподняй бялізны і расстралялі. Праз некалькі дзён маці папрасіла сваякоў, дзяцей і суседзяў знайсці месца расстрэлу бацькі. У знойдзенай магіле бацька ляжаў уніз тварам з прастрэленай галавой. Агульнымі намаганнямі цела бацькі перавезлі на могілкі вёскі Клішавічы і пахавалі пад белаю прастынёю. На той час Марыі было 17 гадоў, Насці –15, Яніне – 10, а мне – 2 гады.” Соф’я Мікалаеўна паказала на могілках дагледжаны з чорнага мармуру помнік – памяць аб самых дарагіх для яе людзях.
У пачатку вайны ў сям’і Мікалая Адамавіча і Хрысціны Андрэеўны Бондараў жылі два сыны – Міхаіл (1912 года нараджэння) і Сяргей (1919 года нараджэння) са сваімі сем’ямі. У Міхаіла было двое дзяцей – Яніна (1934 года нараджэння) і Ганна (1940 года нараджэння). Сяргей ажаніўся на Ганне Адамаўне Талкун, якая была родам з вёскі Панікарты. 6 чэрвеня 1943 года ў іх нарадзілася дачка Алена (цяпер Алена Сяргееўна Ільюшчанка жыве ў горадзе Дзятлаве – аўт.). 3 снежня 1943 года фашысцкія карнікі вырашылі правесці аблаву на партызан атрада “Кастрычніцкі” і забяспечыць бесперабойны рух чыгуначных саставаў з тэхнікай і жывой сілай на Усходні фронт. “Гэта было ў 1943 годзе, – расказвае Алена Сяргееўна па ўспамінах сваёй маці Ганны Адамаўны. – Немцы з’явіліся ў вёску і папярэдзілі сям’ю Мікалая Бондара, што ім неабходна пакінуць хату і перасяліцца, бо ёсць звесткі аб тым, што яны дапамагаюць партызанам. Перад іх наведваннем было ўжо вядома, што партызаны падарвалі варожы цягнік. Мой бацька Сяргей запрог каня, пасадзіў на падводу маці і загадаў ёй выехаць з Клішавічаў. Праз некаторы час па даносе паліцэйскіх немцы ўварваліся ў хату і расправіліся з сям’ёй. У агні жывымі згарэлі бацькі Сяргея Міхайлавіча, цётка Анастасія Міхайлаўна і двое дзяцей, малодшай Ганначцы было 3 гады. На наступны дзень на яшчэ гарачым папялішчы былі знойдзены іх астанкі. Што там быў мой бацька, Сяргей Міхайлавіч Бондар, пазналі па рэштках папругі, якая абгарэлая ляжала ля парога. У пасляваенны час мама выйшла другі раз замуж і пражыла больш 86 гадоў”. На вясковых могілках пастаўлены тры помнікі на месцы, дзе знаходзяцца рэшткі спаленых членаў сям’і Бондар.
Гэтыя зверствы фашысцкіх карнікаў пацвярджаюць і ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – партызанаў атрада “Кастрычніцкі” Фёдара Фёдаравіча Бурака, Івана Данілавіча Жэгалы, звесткі аб партызанах атрада, якія захоўваюцца ў архівах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Пра гэта прыпомніў і старэйшы жыхар вёскі Клішавічы Аляксандр Фёдаравіч Пранкевіч, 1929 года нараджэння.
Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць за пошук і ўдакладненне матэрыялаў аб лёсах людзей вёскі Клішавічы ў час нямецка-фашысцкай акупацыі настаўніцы былой Ахонаўскай школы Соф’і Мікалаеўне Чэрнік і ветэранам працы – Алене Сяргееўне Ільюшчанка і старшыні былога Таркачоўскага сельскага савета Уладзіміру Іванавічу Калачу.
Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
https://www.youtube.com/embed/4Ds1gSdnCEk https://www.youtube.com/embed/XXmlL041qq0 Наталля АВЯРЧУК Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga #нашелучшее #нашалепшае
Работа інтэрактыўных пляцовак дзясятага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” завяршылася цырымоніяй узнагароджання. Па рашэнні кіраўніцтва…
Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі запрасіў гасцей раёна…
Шматлюдна, весела, актыўна на пляцоўцы “Турыстычная”. Як заўсёды, там сабраліся любіцелі паходаў, начовак у палатцы,…
Дзясяты адкрыты фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запрасіў сёння на спартыўную пляцоўку тых, хто сябруе…
На “Зецельскім фэсце” працавалі адразу некалькі інтэрактыўных пляцовак на любы густ. Сапраўднай сенсацыяй фестывалю стаў…