Папярэджанне злачынстваў сярод падрастаючага пакалення – першачарговая задача любой дзяржавы, бо ад яе станоўчага рашэння напрамую залежыць далейшы дабрабыт краіны.
На што варта звяртаць увагу бацькам, педагогам, дарослым у пытаннях прафілактыкі, расказаў часова выконваючы абавязкі начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх райвыканкама Павел Бараноўскі.
– За апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі колькасць зарэгістраваных злачынстваў з удзелам непаўналетніх знізілася з трох да 1,4 тысячы, – прывёў лічбы статыстыкі Павел Аляксандравіч. – Аднак як і раней асноўнай прычынай дзіцячай злачыннасці застаецца карыслівасць. Праўда, цяпер, каб учыніць крадзеж, на вуліцу выходзіць неабавязкова, дастаткова націснуць некалькі кнопак на камп’ютары ці смартфоне, незаконны абарот наркотыкаў і махлярствы таксама пераходзяць у інтэрнэт. Калі казаць пра найбольш распаўсюджаныя спосабы злачынстваў, то гэта гандаль на платформе “Куфар”. Звычайна падлетак размяшчае там аб’яву аб продажы тавару і фотаздымкі, а калі пакупнік пераводзіць частку грошай на яго абаненцкі нумар, перастае выходзіць на сувязь, прычым пацярпелымі ў 90 % такіх выпадкаў з’яўляюцца таксама непаўналетнія.
У глабальнай сетцы адбываецца і ўцягванне дзяцей у незаконны абарот наркотыкаў, пачынаючы ад вярбоўкі, навучання, заканчваючы перадачай грошай, а на замену спайсу цяпер прыйшлі так званыя “солі” (мефедрон, альфа-PVP, 4-СМС), нават першае ўжыванне якіх можа прывесці да смерці. Сёлета па краіне ў рэанімацыйныя аддзяленні ад перадазіровак трапілі чатыры непаўналетнія, летась – восем.
– Што павінна насцярожыць дарослых?
– Аб уцягненні дзіцяці ў наркаабарот могуць сведчыць устаноўленыя на мабільным тэлефоне месенджары, якія дазваляюць набываць наркотыкі праз інтэрнэт: VIPole, WickrMi, WeChat, Signal і ананімны браўзер TOR, а таксама дадаткі, якія дазваляюць вызначаць GPS-каардынаты і накладваць іх на фотаздымкі, напрыклад, NoteCam GPS Map Camera SurveyCam – GPS і іншыя. Гэтыя праграмы на 90 % выкарыстоўваюцца менавіта збытчыкамі наркотыкаў. Таксама насцярожыць бацькоў павінна з’яўленне свабодных грашовых сродкаў, банкаўскіх картак, новых рэчаў, старэйшых сяброў, тое, што падлетак пачаў замыкаць на ключ свой пакой, памяняў паролі на гаджэтах. Для недапушчэння падобнага варта прымаць меры па адсочванні актыўнасці сваіх дзяцей у інтэрнэце, ведаць, з кім яны перапісваюцца, што запытваюць у пошукавых сістэмах, а дапамогуць дарослым праграмы бацькоўскага кантролю, якія бясплатна можна ўстанаўліваць на мабільныя тэлефоны і камп’ютары.
– З якімі выклікамі яшчэ сутыкаюцца бацькі падлеткаў?
– Не губляе актуальнасці праблема ўчынення дзецьмі рабаўніцтваў і махлярстваў, дзе скрадзенымі рэчамі выступаюць электронныя сістэмы курэння, або вэйпы. Для многіх непаўналетніх яны сталі “абавязковым аксесуарам”, з якім не расстаюцца ў школе і на вуліцы, аднак, па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, іх ужыванне негатыўна ўплывае на органы дыхання і вядзе да з’яўлення тромбаў. Да таго ж, за курэнне “электронак”, як і звычайных цыгарэт, у забароненых месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф да чатырох базавых велічыняў. Нагадаю, што ва ўстановах адукацыі курэнне забаронена.
Наступная праблема – падлеткавыя групы ў Тэлеграм-каналах з дэструктыўным кантэнтам, якія выяўляюць і блакіруюць праваахоўнікі ў час маніторынгаў сацыяльных сетак. Як правіла, там размяшчаюцца кадры здзекаў з аднагодкаў, у тым ліку ў вучэбных установах, ролікі з ужываннем алкаголю, вэйпаў, нацысцкая сімволіка, парнаграфічныя відэаматэрыялы.
У слэнгу сучасных падлеткаў можна пачуць словы “флэт” і “ўпіска”, якія таксама павінны насцярожыць дарослых. Гэта моладзевыя вечарынкі, звязаныя з ужываннем алкаголю, вэйпаў, наркотыкаў, якія ладзяцца ў каго-небудзь на кватэры, і кампаніі найчасцей складаюцца з незнаёмых людзей, якія знаходзяць адзін аднаго праз сацыяльныя сеткі. Ці варта казаць, што падобнае прыводзіць да сумных наступстваў і ўчынення злачынстваў. На жаль, толькі сёлета інспекцыяй па справах непаўналетніх па рэспубліцы выяўлена каля пяцісот такіх вечарынак.
– Даступнымі для сучасных падлеткаў сталі сродкі персанальнай мабільнасці, што скажаце пра іх?
– На жаль, за сем месяцаў гэтага года ў Беларусі павялічылася колькасць дарожных аварый з удзелам непаўналетніх, у якіх загінулі 17 і паранены 264 чалавекі. У дарожным руху актыўна выкарыстоўваюцца сродкі персанальнай мабільнасці і веласіпеды. З 1 верасня ўступаюць у сілу змяненні ў Правілы дарожнага руху, якія тычацца менавіта іх. Цяпер прыстасаванні, здольныя развіваць хуткасць звыш 25 кіламетраў у гадзіну, прыраўноўваюцца да мапедаў і матацыклаў, таму для кіравання імі неабходна рэгістрацыя гэтага транспарту і атрыманне вадзіцельскага пасведчання. Нагадаю таксама, што дзецям да 14 гадоў забаронена катацца на СПМ і веласіпедах без суправаджэння дарослых, а за руль мапеда нельга садіцца да 16 гадоў і без пасведчання адпаведнай катэгорыі.
Напрыканцы размовы хачу адзначыць, што актуальную інфармацыю па прафілактыцы дзіцячай злачыннасці можна знайсці на сайце Kidspomogut.by, таксама па сродках гэтага рэсурса можна атрымаць псіхалагічную падтрымку і кансультаванне для бацькоў і дзяцей.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga