Categories: Падзеі

Як кашуля ў полі вырасла

Такую назву мае этнаграфічная выстава, якая дзейнічае ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Наведаўшы яе, вы можаце даведацца аб асаблівасцях вырошчвання і апрацоўкі лёну, прыкметах, звязаных з ім, пачуеце песні, прыказкі і прымаўкі. Акрамя гэтага, наведвальнікі выставы змогуць паспрабаваць патрапаць лён, пачаставацца смачнай прыправай з насення лёну, пабачыць калекцыю льняных сукенак і гарнітураў.
Карэспандэнтцы газеты аб працэсе вырошчвання лёну, традыцыях, звязаных з ім расказала галоўны захавальнік фонду Дзятлаўскага музея Ірына Станіставаўна Якаўчык:

— Лён —  гэта, бадай, галоўная культура, якая давала нашым продкам і ежу, і вопратку. Апрацоўка  лёну — занятакт вельмі працаёмкі: перш чым стаць тканінай, ён павінен быў прайсці доўгі шлях ад вырошчвання да ўборкі і перапрацоўкі. І пачынаўся гэты працэс з сяўбы . Цікава тое, што раней гэтым займаліся толькі мужчыны. Лічылася, што мужчына — захавальнік роду, сіла сям’і. І яго сіла пры сяўбе перадаецца будучым раслінам.

На плечы жанчын клаўся догляд лёну Яго пасевы некалькі разоў за лета палолі, пасыпалі попелам — каб не завялася льняная блыха. Да канца жніўня ў ільне замест кветачак з’яўляліся галоўкі-званочкі. Рвалі яго з карэннямі ў другой палове жніўня,  калі галоўкі рабіліся жоўтымі і пачыналі «шамацець, звінець». Пасля лён вязалі ў снапкі і ставілі ў бабкі. Сабраўшы яго, прыступалі да перапрацоўкі. Калі лён прасыхаў, галоўкі абабівалі спецыяльнай прыладай — пранікам. Затым лён рассцілалі радамі на лузе ці на льнянішчы. Пры частых дажджах і сонечным надвор’і лён вылежваўся за 3-4 тыдні, пры сухой — 5-6 тыдняў. Да сярэдзіны кастрычніка валакно павінна было быць гатова да прадзення. Для гэтага яго трапалі, а затым часалі. Каб атрымаць кужаль вышэйшага гатунку, часалі спецыяльнай шчоткай са свінога шчаціння.

Пасля гэтага пачынаўся новы этап  апрацоўкі лёну — прадзенне. Дзяўчынак вучылі прасці з 7-8 гадоў, а да 15 гадоў яны ўжо ўмелі ткаць, рыхтавалі сабе пасаг. Прасці пачыналі з Пакроваў і да Вялікага посту. Найбольш вялікі аб’ём работ выпадаў на Піліпаўскі пост. Вяселлі ў гэты час не ладзілі, адзінай забавай для моладзі былі вячоркі. На іх і пралі. Для змотвання пражы выкарыстоўвалі матавілы. У працэсе падрыхтоўкі пражы яе адбельвалі.

З лістапада і да сярэдзіны сакавіка  ў хаце селяніна пачэснае месца займаў ткацкі станок. Ткаць пачыналі ў Вялікі пост з такім разлікам,  каб у красавіку-маі ўжо бяліць палотны. Для гэтага яго замочвалі ў гарачым лузе — растворы драўнянага попелу ў вадзе і затым выносілі на снег. Пад сакавіцкім сонцам раскочвалі. Адбельваць палатно даводзілася некалькі разоў. Гэты працэс мог расцягнуцца да ліпеня. Лічылася, што добра адбельвае тканіну раса: палотны нярэдка пакідалі разасланымі на ўсю летнюю ноч.

Пасля гэтага іх мылі з дапамогай праніка, а затым прасавалі старадаўнім прасам — валком з дапамогай качалкі. Пасля працэсу палатно было гатова да шыцця. З яго шылі вопратку, аздаблялі яе арнаментам. Так на свет «нараджалася» кашуля.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА

administrator

Recent Posts

Справа прыватная – карысць агульная. “Фруктовая крама” са зручным для пакупнікоў графікам

Рамін Чабанаў, гаспадар магазіна “Фруктовая крама”, што знаходзіцца па вуліцы Леніна ў горадзе Дзятлаве, родам…

4 часа ago

Выбіраем якасць – купляем сваё. Мэбля для камфорту ад “Пінскдрэў” на любы кашалёк

У горадзе Дзятлаве па вуліцы Слонімскай, 27 працуе фірменны магазін айчыннага вытворцы “Мэбля Пінскдрэў”, які…

4 часа ago

26 ліпеня – Дзень работнікаў гандлю

Паважаныя работнікі і ветэраны галіны гандлю! Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам! Ваша галіна ўносіць…

5 часов ago

Пытанне – адказ. Заплаціць, застанецца без статуса і гарантый

Пытанне: што чакае маладога спецыяліста, які не выйшаў на работу па размеркаванні? Адказ: такі факт…

5 часов ago

«Пристегнись к безопасности!»

31 июля Госавтоинспекция проведет Единый день безопасности дорожного движения, посвященный пропаганде использования ремней безопасности, детских удерживающих устройств и мотошлемов.…

6 часов ago

Імя на Дошцы гонару. Канстанцін Вінцукевіч: “Да кожнага трэба знайсці падыход”

Звычайны дзень у сельскім выканаўчым камітэце: хтосьці просіць пахадайнічаць аб больш спрыяльным раскладзе аўтобусаў, другі…

23 часа ago