Такую назву мае этнаграфічная выстава, якая дзейнічае ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Наведаўшы яе, вы можаце даведацца аб асаблівасцях вырошчвання і апрацоўкі лёну, прыкметах, звязаных з ім, пачуеце песні, прыказкі і прымаўкі. Акрамя гэтага, наведвальнікі выставы змогуць паспрабаваць патрапаць лён, пачаставацца смачнай прыправай з насення лёну, пабачыць калекцыю льняных сукенак і гарнітураў.
Карэспандэнтцы газеты аб працэсе вырошчвання лёну, традыцыях, звязаных з ім расказала галоўны захавальнік фонду Дзятлаўскага музея Ірына Станіставаўна Якаўчык:

— Лён —  гэта, бадай, галоўная культура, якая давала нашым продкам і ежу, і вопратку. Апрацоўка  лёну — занятакт вельмі працаёмкі: перш чым стаць тканінай, ён павінен быў прайсці доўгі шлях ад вырошчвання да ўборкі і перапрацоўкі. І пачынаўся гэты працэс з сяўбы . Цікава тое, што раней гэтым займаліся толькі мужчыны. Лічылася, што мужчына — захавальнік роду, сіла сям’і. І яго сіла пры сяўбе перадаецца будучым раслінам.

_mg_0340

_mg_0368

_mg_0372

На плечы жанчын клаўся догляд лёну Яго пасевы некалькі разоў за лета палолі, пасыпалі попелам — каб не завялася льняная блыха. Да канца жніўня ў ільне замест кветачак з’яўляліся галоўкі-званочкі. Рвалі яго з карэннямі ў другой палове жніўня,  калі галоўкі рабіліся жоўтымі і пачыналі “шамацець, звінець”. Пасля лён вязалі ў снапкі і ставілі ў бабкі. Сабраўшы яго, прыступалі да перапрацоўкі. Калі лён прасыхаў, галоўкі абабівалі спецыяльнай прыладай — пранікам. Затым лён рассцілалі радамі на лузе ці на льнянішчы. Пры частых дажджах і сонечным надвор’і лён вылежваўся за 3-4 тыдні, пры сухой — 5-6 тыдняў. Да сярэдзіны кастрычніка валакно павінна было быць гатова да прадзення. Для гэтага яго трапалі, а затым часалі. Каб атрымаць кужаль вышэйшага гатунку, часалі спецыяльнай шчоткай са свінога шчаціння.

Пасля гэтага пачынаўся новы этап  апрацоўкі лёну — прадзенне. Дзяўчынак вучылі прасці з 7-8 гадоў, а да 15 гадоў яны ўжо ўмелі ткаць, рыхтавалі сабе пасаг. Прасці пачыналі з Пакроваў і да Вялікага посту. Найбольш вялікі аб’ём работ выпадаў на Піліпаўскі пост. Вяселлі ў гэты час не ладзілі, адзінай забавай для моладзі былі вячоркі. На іх і пралі. Для змотвання пражы выкарыстоўвалі матавілы. У працэсе падрыхтоўкі пражы яе адбельвалі.

З лістапада і да сярэдзіны сакавіка  ў хаце селяніна пачэснае месца займаў ткацкі станок. Ткаць пачыналі ў Вялікі пост з такім разлікам,  каб у красавіку-маі ўжо бяліць палотны. Для гэтага яго замочвалі ў гарачым лузе — растворы драўнянага попелу ў вадзе і затым выносілі на снег. Пад сакавіцкім сонцам раскочвалі. Адбельваць палатно даводзілася некалькі разоў. Гэты працэс мог расцягнуцца да ліпеня. Лічылася, што добра адбельвае тканіну раса: палотны нярэдка пакідалі разасланымі на ўсю летнюю ноч.

Пасля гэтага іх мылі з дапамогай праніка, а затым прасавалі старадаўнім прасам — валком з дапамогай качалкі. Пасля працэсу палатно было гатова да шыцця. З яго шылі вопратку, аздаблялі яе арнаментам. Так на свет “нараджалася” кашуля.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации