Для многіх работа бухгалтарам можа здавацца сумнай аднастайнай руцінай з мноствам бяздушных лічбаў і разлікаў. Але толькі не для дзятлаўчанкі Таццяны Ціхан, якая працуе галоўным бухгалтарам у раённым аддзеле ўнутраных спраў. Складанасці яе не толькі не палохаюць, але і натхняюць на працу. Ды такую выніковую, што сёлета яе імя заслужана было занесена на раённую Дошку гонару.

Цяпер Таццяна Іванаўна лічыць, што бухгалтарскі ўлік для яе – і работа, і прызванне, і хобі.

– Кім марыла стаць у дзяцінстве? – успамінае жанчына. – Нават не памятаю, мабыць, як і ўсе дзеці, выхавальнікам або настаўнікам. Але шмат маіх аднакласнікаў выбралі педагагічны шлях, таму мне ўжо расхацелася, а прыйшлася даспадобы эканамічная спецыяльнасць. Спачатку я вучылася ў Навагрудскім тэхнікуме, крыху пазней завочна скончыла Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі. Першае працоўнае месца было ў раённым аддзеле культуры эканамістам, а праз тры гады перайшла ў аддзел унутраных спраў, дзе працую і па сёння – ужо 28 гадоў. Тут жа знайшла не толькі справу па душы на ўсё жыццё, але і сямейнае шчасце – пазнаёмілася з будучым мужам.

На пытанне, ці не надакучыла столькі гадоў працаваць на адным месцы, упэўнена адказвае, што не.

– Уцягваешся, прывыкаеш і адчуваеш сябе ў сваёй стыхіі. Бывалі перыяды, калі задумвалася аб перамене дзейнасці, але, мабыць, не настолькі моцна, каб імкнуцца да гэтага. У нас вельмі добры калектыў, працуем зладжана і дружна. Думаю, як і ў любой справе ў кожнага бываюць нейкія складанасці, штосьці незразумела, неабходна ўдакладніць. Тады звяртаюся да калег-бухгалтараў з іншых раённых аддзелаў, падтрымка заўжды ёсць. Ды і начальства ў нашым райаддзеле добрае, дапамагае заўсёды, таму і працаваць лягчэй і спакайней.

Таццяна Іванаўна сцвярджае, што за столькі гадоў працы яна ёй зусім не надакучыла, і шчыра любіць сваю справу. У першую чаргу, за стабільнасць.

– Калі чалавеку падабаецца тое, чым ён займаецца, то яму не страшнае эмацыянальнае выгаранне. Ён можа доўга даваць высокі вынік, зараджаць сваёй энергіяй навакольных, матываваць і пры гэтым зараджацца і напаўняцца яшчэ большай энергіяй ад стасункаў з адзінадумцамі, – сцвярджае жанчына.

Многія цяпер выбіраюць аддалены фармат работы. Але Таццяна Ціхан лічыць, што нашмат лепш працаваць у кабінеце, бо бачыш людзей, размаўляеш з імі, што з’яўляецца немалаважным фактарам у рабоце, гэта больш дысцыплінуе. А калі сядзіш дома, расслабляешся, тады менш стымулу.

Да цяжкасцяў прафесіі Таццяна Іванаўна прывыкла даўно, мае свае сакрэты і дакладна ведае, якімі якасцямі павінен валодаць бухгалтар, каб не заблытацца ў свеце лічбаў:

– Неабходна быць адказным, цярплівым і ўседлівым, увесь час унікаць, каб разабрацца ў любым пытанні. Наша прафесія – гэта дакладнасць. Некаторым здаецца, што гэта вельмі сумна, але толькі не нам, бухгалтарам. Калі імкнешся рашыць нейкую складаную задачу і дасягаеш яе рашэння, ёсць радасць і задавальненне, што ты змог справіцца з гэтым. Бывае, што і дэбет з крэдытам не сыходзяцца, тады шукаеш зноў і зноў прычыны. А яшчэ важна ўмець працаваць у калектыве, дапамагаць адзін аднаму.

– Падзяліцеся сакрэтам, як стаць паспяховым бухгалтарам, які ўсё паспявае і ніколі не памыляецца?

– Такіх няма (смяецца). Калі ў чалавека дома ўсё добра, тады і на рабоце будзе ўсё атрымлівацца. Ты будзеш сканцэнтраваны на справе, а не думаць пра свае праблемы.

– Якой бачыце сябе праз некалькі гадоў? Ці памяняецца штосьці кардынальна ў прафесіі?

 – У наш час нічога не стаіць на месцы, пэўна, нейкія ноу-хау будуць: націснуў на кнопку – і ўсё адразу падлічыцца само.

– Ці зможа штучны інтэлект замяніць бухгалтара?

– Думаю, у нейкіх пытаннях зможа, але не ва ўсім. Бывае, што зоркім вокам хутчэй заўважыш нейкую памылку. Мы карыстаемся многімі праграмамі, але іх жа пішуць людзі, якім таксама ўласціва памыляцца, або яны не ведаюць нюансы пэўнай прафесіі.

– Як адпачываеце ад лічбаў і справаздач?

– У нашым райаддзеле ўмеюць не толькі плённа працаваць, але і адпачываць не забываем. Часта арганізоўваюцца экскурсійныя паездкі, удзельнічаем у турзлётах, на байдарках сплаўляемся. А з сям’ёй вельмі любім ездзіць на дачу – гэта наша месца сілы: грыбы, рыбалка, невялікі агарод. Жывём весела і займаемся тым, што нам падабаецца.

– Калі можна было б пачаць усё спачатку, ці змянілі б што-небудзь у сваім жыцці?

– Думаю, што не. У мяне цудоўная сям’я, любімая работа, жывём у міры і спакоі. Усё склалася добра, сапраўды, няма такога, каб хацелася вось кардынальных перамен. Вядома, нейкія рэчы, думаеш, можна было б зрабіць так, а не інакш, але гэта дробязі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации