Многія дзятлаўчане днямі горача абмяркоўвалі выпадак, які адбыўся з дзесяцігадовай навучэнкай сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы. На вуліцы дзяўчынку пачаставаў цукеркай незнаёмы мужчына, а дома яна знайшла ў гэтым пачастунку швейную іголку. Школьніца расказала бацькам пра “знаходку”, якія неадкладна звярнуліся ў міліцыю. На першы погляд, страшная карціна і здагадкі: “А што было б, каб дзіця незнарок праглынула гэтую іголку?”. Мужчыну вылічылі па камерах відэаназірання, затрымалі, і супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў пачалі разбірацца ў гэтым інцыдэнце. Хутка ўсё высветлілася і стала на свае месцы.

– Як аказалася, ва ўсім вядомай сацыяльнай сетцы TikTok ёсць такі трэнд “Дзякуй, добры дзядзя”, – расказаў часова выконваючы абавязкі начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Дзяніс Жыбарт. – У такіх відэа паказваюць, як нехта бярэ пячэнне, яблык ці цукерку і гаворыць, што гэта даў нейкі дзядзя, але ты не еш адразу, а паглядзі. Разразаюць – а там аказваецца іголка або іншы металічны прадмет. Вось і гэтая дзяўчынка ў час размовы з праваахоўнікамі і псіхолагам прызналася, што яна таксама глядзела такія відэа. І так супала, што яе пачаставаў незнаёмец, а калі, разрэзаўшы цукерку, нічога там не выявіла, вырашыла сама ўваткнуць іголку ў цукерку, тым самым пажартаваць са сваіх сяброў і напужаць бацькоў. Вось такі “жарт” пад уражаннем ад папулярных трэндаў у сацсетках можа мець вельмі непрыемныя наступствы не толькі для самога жартаўніка, але і многіх іншых. Хочацца звярнуцца да бацькоў і параіць ім правяраць, што іх дзеці глядзяць у сацыяльных сетках, бо з-за свайго ўзросту, нявопытнасці і даверлівасці могуць трапіць не проста ў непрыемныя сітуацыі, а нават у крымінальныя. Тлумачце ім, што нельга паўтараць усё, што паказваюць у роліках у інтэрнэце, якім бы гэта папулярным ні было, бо можна стаць не крутым, а “праславіцца” з адваротнага боку.
А цяпер узнікае новае пытанне: “Дык хто аказаўся пацярпелым у дадзенай сітуацыі?”
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga