Мы прывыклі, што ў Год добраўпарадкавання больш увагі надаём рамонту дарог і вуліц, уладкаванню клумбаў, лавачак, з’яўленню новых архітэктурных формаў у райцэнтры і гарадскіх пасёлках, аднак гэта далёка не ўсё, што зроблена.

Напрыклад, цікава даведацца і пра рамонты ўстановаў адукацыі. Зразумела, што яны адбываюцца кожны год, аднак сёлета зноў зроблена нямала, каб школы і дзіцячыя сады падабаліся юным жыхарам раёна і калектывам, якія там працуюць.

Больш падрабязна пра гэта расказала дырэктар раённага цэнтра па забеспячэнні бюджэтных і іншых арганізацый Святлана Панасюк:

– Заўжды стараемся, каб пасля рамонту ва ўстановах адукацыі было камфортна, утульна, бяспечна і па-сучаснаму. Так, работы капітальнага характару, а канкрэтна рамонты дахаў, выкананы ў гімназіі № 1 горада Дзятлава (521 566 рублёў) і Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М. І. Нядзеліна (390 210 рублёў), прычым у Гезгалах ажыццяўлялася яшчэ і мадэрнізацыя цеплавых сетак на суму 31 642 рублі, а ў гімназіі ў рамках падпраграмы “Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб” на 6500 рублёў адрамантаваны санвузел. Летась маштабныя капітальныя работы скончаны ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, а сёлета тут зноў адбыліся істотныя абнаўленні: адрамантавана фае з устаноўкай сучаснай прапускной сістэмы распазнавання твараў.

Значны аб’ём работ выкананы ў Дварэцкай сярэдняй школе: на мадэрнізацыю цеплавых сетак установы патрачана 41 644 рублі. Ажыццяўляліся бягучыя рамонты пляцоўкі пад спартыўны комплекс “варкаўт”, асфальтабетоннага пакрыцця бегавой дарожкі і пляцоўкі стадыёна, устаноўка энергазберагальнага вулічнага асвятлення на сонечных панэлях усяго разам на суму 19 589 рублёў.

Бегавыя дарожкі і пляцоўка на стадыёне на агульную суму 112 380 рублёў адрамантаваны ў Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук, а ў мясцовым дзіцячым садзе на 29 502 рублі заменены вокны, цяпер ва ўстанове яны ўсе новыя. Тое ж самае ў дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава, дзе на аконныя і балконныя блокі патрачаны 82 000 рублёў. Бягучы рамонт харчблока за 83 378 рублёў адбыўся ў Казлоўшчынскім дзіцячым садзе, на электразабеспячэнне ўнутранай і вонкавай сетак патрачаны 54 100 рублёў, яшчэ на 21 000 рублёў набыта абсталяванне. На бягучы рамонт сістэмы электразабеспячэння ў сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава патрачана 7280 рублёў.

У сярэдняй школе № 1 горада Дзялава імя А. М. Чурылы на шклопакеты заменены 22 акны (на суму 29 483 рублі), на 27 048 рублёў адрамантаваны фасад, устаноўлена энергазберагальнае вулічнае асвятленне на сонечных панэлях, на якое патрачана 20 000 рублёў.    

Сума ў 55 228 рублёў патрачана на бягучы рамонт даху, адмосткі, вадасцёкаў і франтона ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў, яшчэ 12 089 рублёў – на рамонт санвузлоў установы.

Раздзявалкі, душавыя кабінкі і санвузлы набылі новы выгляд у Дзятлаўскай ДЮСШ, што абышлося ў 22 797 рублёў, яшчэ 12 215 рублёў былі патрачаны на замену вокнаў у трэнажорных залах.

Прыемна, што абнаўленне адбылося і ў нашым раённым цэнтры па забеспячэнні бюджэтных і іншых арганізацый: на 20 667 рублёў адрамантавана актавая зала, яшчэ на 25 494 рублі – два санвузлы, на бягучы рамонт гаспадарчага корпуса патрачана 35 000 рублёў, таксама на першым паверсе ўстановы заменены вокны (7534 рублі), амаль завершаны бягучы рамонт даху прыстройкі на 25 000 рублёў.

Зразумела, што я пералічыла самыя значныя работы, бо кожны год на Дзятлаўшчыне, у тым ліку за спонсарскія сродкі, “асвяжаюцца” навучальныя класы, дзіцячыя групы, рабочыя кабінеты, робіцца вельмі шмат для ўпрыгажэння прышкольных тэрыторый і гульнявых пляцовак.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ЧистоПоГродненски #нашелучшее #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА 

Похожие публикации