Нягледзячы на тое, што мы ўсё больш і больш часу праводзім у Інтэрнэце, кнігі ўсё роўна не страцілі сваёй каштоўнасці, і іх сховішча – бібліятэка выклікае ў душах заўзятых чытачоў трапятанне, а работнікі гэтага асаблівага месца – вялікую павагу.

Пра бібліятэкараў пішуць не часта. А між тым, іх напружаная праца патрабуе інтэлекту і мудрасці, таленту арганізатара і валодання ведамі псіхолага. Такім мудрым, дасведчаным, вопытным бібліятэкарам з’яўляецца Ганна Вянско, намеснік дырэктара Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. Яна расказала пра сваю работу, мары і бібліятэку будучага:

– З дзяцінства марыла стаць гісторыкам, вельмі любіла гэты прадмет у школе. Але так склаліся абставіны, што я паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум (пазней скончыла Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў). А з 1991 года пачала працаваць у аддзеле камплектавання і апрацоўкі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі. У той час паступленні літаратуры былі вельмі вялікія, неабходна было апрацаваць усю літаратуру. Работы хапала.

– Не шкадавалі, што выбралі гэту прафесію?

– Не. Мне шмат дапамагалі калегі. Калектыў прыняў вельмі цёпла, добрая была загадчыца аддзела, якая ўсё тлумачыла. Пасля дэкрэтнага адпачынку, падгадаваўшы сыночка, я выйшла на работу ў дзіцячую бібліятэку. Мне там вельмі падабалася працаваць з дзецьмі, праводзіла для іх шмат мерапрыемстваў. А пасля другога дэкрэтнага адпачынку я стала працаваць бібліёграфам.

– Што цяпер уваходзіла ў вашы абавязкі?

– Гэта работа даволі складаная, з перыёдыкай, літаратурай, яе трэба апрацоўваць, працаваць у базе даных, весці прававую базу. Але нягледзячы ні на што, работа была таксама цікавая, бо я збірала гістарычны матэрыял, складала памяткі пра нашых мясцовых знакамітасцяў. Потым мне прыйшла ідэя стварыць бібліяграфічны даведнік “Знакамітыя людзі Дзятлаўшчыны”, складала краязнаўчыя календары, даведнікі “Гісторыка-культурная спадчына Дзятлаўскага раёна”, “Дзятлаўшчына ў легендах і паданнях”. Праводзіла шмат сустрэчаў з нашымі мясцовымі пісьменнікамі. З мая гэтага года працую намеснікам дырэктара Дзятлаўскай бібліятэкі. Работа крыху іншая, трэба інакш адносіцца да сваіх калегаў, але стараюся разумець іх, мне падабаецца працаваць з людзьмі.

– Як лічыце, якія плюсы і мінусы работы бібліятэкара?

– Бібліятэкары – людзі вельмі добразычлівыя, адукаваныя. У нас вельмі дружны калектыў. Мінус – гэта маленькія зарплаты.

– Але работа спакойная, цікавая?

– Цяпер ужо не вельмі спакойная. Я б хацела развеяць міфы нашых чытачоў пра тое, што бібліятэкар сядзіць, чытае кнігі або вяжа. Гэтага ўжо даўно няма. Мы вельмі занятыя, у нас складаецца план, і ў кожнай бібліятэцы, а іх у нашым раёне 12, праводзіцца шмат мерапрыемстваў, асабліва з выхаванцамі дзіцячых садоў, школьнікамі, інвалідамі, пенсіянерамі.

– Пэўна, вельмі любіце чытаць?

– Люблю, але, напрыклад, раманы пра каханне, дэтэктывы я праглядаю зрокава, бо мне больш падабаецца гістарычная літаратура. Хаця бібліятэкару, асабліва які працуе ў аддзеле абслугоўвання, неабходна ведаць кніжны фонд, каб парэкамендаваць нешта чытачу.

– Цяпер усё больш людзей аддаюць перавагу электронным кнігам або аўдыёкнігам. Як вы да гэтага адносіцеся?

– Напэўна, проста як у каго закладзена ўнутры. Мне прасцей чытаць звычайную кнігу, браць яе ў рукі, гартаць. Я спрабавала чытаць кнігу на экране, не спадабалася. Стамляюцца вочы, нязручна. Я лічу, хто любіў чытаць папяровыя кнігі, ён іх чытае і будзе чытаць.

– Ці згодны вы з тым, што бібліятэкі ў ХХІ стагоддзі страцілі былую папулярнасць, у іх мала наведвальнікаў?

– Раней чытачоў было больш. Калі Інтэрнэт не быў так распаўсюджаны, у бібліятэку пастаянна хадзілі школьнікі, у чытальнай зале не хапала месцаў. Аднак я лічу, што не ўсё знойдзеш у Інтэрнэце, многіх звестак па Дзятлаўскім раёне я, напрыклад, не знайшла, а бывае сустракаюцца і скажоныя факты. Чытачоў цяпер крыху менш, але яны ёсць. Асабліва ў нядзелю шмат, прыходзяць і дарослыя, і дзеці. Сталыя людзі любяць пачытаць перыёдыку ў чытальнай зале.

– Якімі ўяўляеце сабе бібліятэкі будучага?

– Мне здаецца, яны стануць падобныя на нашу Нацыянальную бібліятэку, дзе ўваход па электронных пропусках, тэкставыя базы даных, якія выносяцца на экран, праводзяцца віртуальныя экскурсіі. Усё ж час змяняецца, і ад гэтага нікуды не дзенешся.

– Аб чым вы марыце?

– Мару павандраваць, асабліва па гістарычных месцах, хацелася б у Грэцыю або Егіпет. А ўвогуле, галоўнае для мяне – здароўе, каб былі здаровыя мае дзеці і ўнукі.

– Як адпачываеце ад работы?

– Так як у мяне свой дом, вырошчваю на сваім участку шмат кветак. Як мага больш часу стараюся праводзіць з дзецьмі, унукамі. Гэта лепшы адпачынак для мяне.

– Што пажадаеце калегам, усім бібліятэкарам на прафесійнае свята?

– У першую чаргу, здароўя, ладу ў сем’ях. Творчых дасягненняў, перамогаў у конкурсах, каб у жыцці кожнага з нас усё было добра.

Бліц-апытанне

Цікава…

– Чаму на ўсіх бібліятэчных кнігах штампы стаяць на 17-ай старонцы?

– Гэта такі дзяржаўны стандарт у Беларусі.

– Як бібліятэкар знаходзіць патрэбную кнігу?

– Я, напрыклад, запамінала зрокава. А ўвогуле, уся літаратура размеркавана па аддзелах. Таксама ў нас ёсць электронны каталог.

– Колькі ўсяго кніг у Дзятлаўскай бібліятэцы?

– Каля 40000 (у гарадской і раённых бібліятэках).

– Што чытаюць самі бібліятэкары?

– Усё. Бо неабходна ведаць аб усім, што знаходзіцца ў фондзе.

– Чаму няма бібліятэкараў мужчын?

– Мабыць, таму, што яны лічаць прафесію бібліятэкара выключна жаночай.

– Што робяць са старымі кнігамі з бібліятэкі?

– Калі нельга адрамантаваць, то іх спісваюць і здаюць на макулатуру.

Гутарыла Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации