Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое, што асабіста для кожнага значыць Вялікая Айчынная вайна, як захаваць праўду і што мы можам зрабіць цяпер, навучэнцы 10 і 11 класаў, іх настаўніца Наталля Клімец і госць сустрэчы Марына Лашкоўская, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама.
– Мы сёння з гонарам гаворым пра ветэранаў, якія ваявалі на фронце, змагаліся з ворагамі ў партызанскіх атрадах, падполлі. Але, на жаль, не заўжды помнім пра тое, што і дзеючай арміі, партызанам і падпольшчыкам неабходная была падтрымка простага насельніцтва, тых, хто не ваяваў, але ўнёс у Вялікую Перамогу не менш значны ўклад, – адзначыла Наталля Паўлаўна. – Нягледзячы на мноства фільмаў, помнікаў, урокаў гісторыі, многія не ведаюць, як жылі іх родныя ў гады вайны. І наша першачарговая задача – аднавіць гэты перыяд у сямейнай хроніцы.










Навучэнцы ўзгадалі сваіх прабабуляў і прадзядуляў, падзяліліся аповедамі пра іх. Марына Яўгеньеўна таксама расказала пра сваю маму і бабулю, якая нарадзіла дачку ў гэтыя складаныя гады, выхавала, і заўважыла, што мацярынства ў гады Вялікай Айчыннай вайны, па сутнасці, прыраўноўваецца да подзвігу.

У час дыялогу закранулі яшчэ адну актуальую тэму “Гістарычная праўда: як не паддавацца фальшыўкам?”, паразважалі, як паводзіць сябе ў выпадках, калі ў інтэрнэце і сацыяльных сетках бачыш правакацыйную інфармацыю пра ваенныя падзеі, генацыд беларускага народа.

Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga