Народныя песні ў выкананні спявачак са Студзераўшчыны вядомы не толькі на Дзятлаўшчыне,  але і за яе межамі. Калектыў неаднаразова прымаў удзел у шэрагу культурных мерапрыемстваў — як абласных, так і рэспубліканскіх,  знаёмячы іх гледачоў  з аўтэнтычнымі песнямі дзятлаўскай зямлі  — абрадавымі, вясельнымі, рэкруцкімі, жартоўнымі. Таксама студзераўшчынскія спявачкі з’яўляюцца захавальніцамі аўтэнтычных мясцовых народных абрадаў.

IMG_0463
Усяго ў рэпертуары гурта, якім цяпер кіруе Аліна Міхайлаўна Мішчук,  больш за 100 песень. Выконваюць іх шэсць жанчын — Алена Васільеўна Ляўкевіч, Соф’я Канстанцінаўна Ляўкевіч, Яўгенія Іосіфаўна Ляўкевіч, Любоў Авакумаўна Галавенка, Вольга Данілаўна Ляўкевіч, Алена Іванаўна Сціслевіч.
Яны маюць не адзін дзясятак гадоў, аднак душой адчуваюць сябе на сорак: менавіта столькі сёлета спаўняецца фальклорнаму гурту са Студзераўшчыны.

IMG_0485
За гэты час народная творчасць з’яднала жанчын, яны  сталі адной  творчай сям’ёй, якая захоўвае спадчыну сваіх бабуляў і прабабуляў, перадае яе наступнаму пакаленню. Менавіта дзіцячаму фальклорнаму гурту “Званочкі”, якім таксама кіруе Аліна Міхайлаўна Мішчук. Ад прадстаўніц старэйшага пакалення дзеці пераймаюць майстэрства спяваць народную песню ў непараўнальнай манеры жывога выканання без акампанемента.

IMG_0516
Яшчэ да прыходу ў калектыў, гавораць спявачкі са Студзераўшчыны, кожная з іх любіла песню.  Ды і без яе немагчыма было ўявіць тагачаснае жыццё.  Песня гучала не толькі ў час адпачынку, але суправаджала і нялёгкую калгасную працу.

IMG_0539
Усе жанчыны з фальклорнага калектыву — былыя калгасныя працаўніцы, усе ўраджэнкі Студзераўшчыны.  Тут раслі, гадаваліся, стваралі свае сем’і. Варта дадаць і тое, што ўсе ўдзельніцы гурта — сапраўдныя рукадзельніцы. Як доказ таму — пашытыя іх рукамі сцэнічныя касцюмы, аздобленыя ручной вышыўкай.
— У гады нашай маладосці  умець прасці і ткаць, вышываць, вязаць  павінна была кожная дзяўчына. Гэтаму вучылі з маленства, — гаворыць Соф’я Канстанцінаўна Ляўкевіч.
Нарадзілася яна ў шматдзетнай сям’і, дзе было сямёра дзяцей. Працавала ўсё жыццё даяркай. За працу  была ўзнагароджана паездкай у Маскву на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі. У час паездкі жанчыне ўдалося наведаць і маўзалей Леніна.
Дваццаць гадоў адпрацавала даяркай і Яўгенія Іосіфаўна Ляўкевіч.  Яна таксама нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, дзе было пяцёра дзяцей.  У самой жа Яўгеніі Іосіфаўны — двое дзяцей, чацвёра ўнукаў і двое праўнукаў.
Увогуле, кожная з удзельніц студзераўшчынскага калектыву — багатая на дзяцей бабуля і прабабуля. Так, трое дзяцей, чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў мае Алена Васільеўна Ляўкевіч. Трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў у Вольгі Данілаўны Ляўкевіч. Сама ж яна, рана застаўшыся без бацькоў, выхоўвалася ў сям’і брата, у якога было чацвёра дзяцей.

IMG_0578
Увогуле,  у тыя гады ў Студзераўшчыне мець вялікія сем’і было нормай. У вёсцы жыло шмат дзяцей і моладзі.
— Бывала, выйдзеш вечарам на вуліцу, — узгадвае  Алена Васільеўна Ляўкевіч, — а ў розных канцах вёскі песні гучаць. Спяваюць іх хлопцы і дзяўчаты. Ды і музыкантаў у вёсцы было шмат. У мяне таксама брат іграў на баяне, дзядзька — на скрыпцы.
Узгадваюць пра мінулае спявачкі з настальгіяй. Паколькі цяперашняе жыццё цячэ ў зусім іншым русле, з кожным годам  шматнаселеная некалі вёска ўсё больш і больш пусцее. У ёй засталіся жыць пераважна адзінокія старыя людзі.
— Вось і мы жывём кожная па адной, — гавораць самабытныя спявачкі. — Рэпетыцыі, выступленні — усе гэта дае нам бадзёры настрой, зараджае нас жыццёвай энергіяй. Няма калі “кіснуць”, сумаваць. Калі сустрэнемся разам, паспяваем — лягчэй на душы становіцца. Глядзіш — і сум, а разам з ім і стомленасць як рукой знімае.
Трымаць так і надалей варта пажадаць спявачкам з нагоды іх творчага юбілею. Разам з гэтым — бадзёрага настрою, здароўя, няхай яны яшчэ доўга-доўга радуюць сваёй творчасцю гледачоў, дорачы ім душэўныя народныя песні.
А. ДУБРОЎСКАЯ
НА ФОТАЗДЫМКАХ: удзельніцы фальклорнага гурта вёскі Студзераўшчыны
Фота Н. АВЯРЧУК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?
Следующая новость

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации