Наша каманда “Алмаз” дастойна выступіла ў абласным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, заваяваўшы сярэбраныя медалі ў дзвюх узроставых групах.
Турнір “Залатая шайба” мае больш чым паўвекавую гісторыю і бярэ пачатак у СССР у далёкім 1964 годзе. У нашай краіне яго адрадзілі ў 1997 годзе па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і сёння ён у ліку самых папулярных спартыўных моладзевых спаборніцтваў. Галоўная адметная рыса турніру – удзел толькі аматарскіх каманд.
На Дзятлаўшчыне хакейныя традыцыі ўзніклі ў далёкіх 70-ых гадах. Да 90-ых хакейная дружына Дзятлаўскага раёна неаднаразова перамагала на абласным этапе і прымала ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах. У 1975 і 1978 гадах рэспубліканскі этап праходзіў у самім Дзятлаве. Найвышэйшым дасягненнем нашых хакеістаў лічыцца перамога на рэспубліканскіх спаборніцтвах у 1980 годзе і ўдзел ва ўсесаюзных у горадзе Горкім (цяпер – Ніжні Ноўгарад). Дарэчы, ужо тады каманда называлася “Алмаз”. Яна і сёння вынікова выступае на гэтым турніры, з моманту яго адраджэння наш “Алмаз” 10 разоў заваёўваў пуцёўку на рэспубліканскі этап спаборніцтваў, паклаў у сваю скарбонку шэсць тытулаў пераможцы, тры – віцэ-чэмпіёна (2 месца) і адзін – бронзавага прызёра на рэспубліканскім узроўні.
З 2015 года спаборніцтвы праходзяць у дывізіёнах А і Б (у дывізіёне А іграюць каманды, якія маюць лядовыя палацы). За гэты час пуцёўкі на рэспубліканскі этап спаборніцтваў, акрамя дзятлаўчан, заваёўвалі каманды са Шчучынскага (6 разоў) і Смаргонскага (4 разы) раёнаў. Упершыню ў 2026 годзе ў малодшай узроставай групе пуцёўку на рэспубліку заваявала каманда са Слонімскага раёна.
Сёлета ўпраўленнем спорту Гродзенскага аблвыканкама праведзены 55-ы і 56-ы турніры абласнога этапу па хакеі “Залатая шайба” ў дзвюх узроставых групах дывізіёна Б. За час існавання турніру наша каманда прымала ўдзел у спаборніцтвах 49 разоў, з якіх 15 станавілася прызёрам (10 разоў – серабро, 5 – бронза) і 10 разоў – пераможцай. Толькі за перыяд з 1998 па 2026 гады ў спісачныя саставы каманд Дзятлаўскага раёна ўваходзілі больш за 400 гульцоў. І сёння ў клубе “Алмаз” займаецца 47 юных аматараў хакея.

Многія з іх прынялі ўдзел у абласным этапе спаборніцтваў “Залатая шайба”, які ў лютым праходзіў у Лядовым палацы горада Ліды. Каманды раёна пазмагаліся за перамогу ў абодвух турнірах: сярод юнакоў старэйшай (2010-2011 гадоў нараджэння) і малодшай (2012-2014 гадоў нараджэння) узроставых груп, у фінале якіх саступілі сваім сапернікам і заваявалі тытул віцэ-чэмпіёнаў. Пераможцамі турніраў і ўладальнікамі пуцёвак на рэспубліканскі этап спаборніцтваў сталі каманды са Смаргонскага (у старэйшай узроставай групе) і Слонімскага (у малодшай) раёнаў. У кожным з турніраў нашы хакеісты на шляху да фіналу абыгралі па тры каманды. У старэйшай групе – са Шчучынскага, Слонімскага і Карэліцкага раёнаў, а ў малодшай – з Навагрудскага, Смаргонскага і Шчучынскага. Усяго ў двух турнірах гульцы “Алмаза” закінулі 28 шайбаў (па 14 у кожнай групе), прапусцілі 16 (па 8 у кожнай групе). Лепшымі бамбардзірамі ў саставе раённай каманды ў старэйшай групе сталі Мікіта Санюк (капітан каманды) і Віталь Місцюкевіч, на рахунку якіх па 4 шайбы. Таксама вызначыліся галамі Мацвей Іванчык (3 шайбы), Уладзіслаў Славіцкі (2), Яўген Кавальскі (1 шайба). У малодшай узроставай групе лепшым бамбардзірам стаў Мацвей Іванчык (капітан каманды) – 9 шайбаў, галамі вызначыліся Дзяніс Глубокі, Аляксандр Харошка (у абодвух па 2 шайбы) і Васіліса Панасевіч (1 шайба). Хочацца адзначыць варатара малодшай групы Сяргея Юргеля, які ў двух з чатырох згуляных матчаў не прапусціў ніводнай шайбы. Пажадаем камандам-пераможцам дастойна прадставіць Гродзеншчыну на Рэспубліканскім этапе спаборніцтваў “Залатая шайба”.
Усім прыхільнікам гульні ў хакей, сваім балельшчыкам каманда “Алмаз” выказвае падзяку за падтрымку. Сёння мы спыніліся ў адным кроку ад звання чэмпіёна, аднак гісторыя хакея на Дзятлаўшчыне прадаўжаецца, а пішацца яна нашымі юнымі землякамі-хакеістамі. Да сустрэчы на лёдзе!


Дзмітрый ЁДА,
загадчык сектара спорту райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga