Нядаўна ў Гродне прайшоў абласны этап VII Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. Яго пераможцам стала сям’я Лях з Дзятлава, якая прадставіць Гродзеншчыну на рэспубліканскім этапе 10 кастрычніка.  Аб падрыхтоўцы, эмоцыях на абласной сцэне і тых, хто быў побач, расказала любімая жонка, матуля чацвярых дзяцей Вольга Лях.

– Як рыхтаваліся да конкурсу?

– Мы прынялі для сябе важнае рашэнне: нічога не сталі кардынальна мяняць у праграме, з якой удзельнічалі ў раённым этапе “Сям’і года”. Хацелася паказаць, што наш сакрэт – не ў спецэфектах і не ў складаных пастаноўках, а ў праўдзе і шчырасці. Мы проста расказалі аб тым, як сапраўды жывём у нашым доме, пра нашы традыцыі і погляды. На абласной сцэне дзяліліся тым, чаму вучым сваіх дзяцей, каштоўнасцямі, з якімі самі ідзём па жыцці. Канешне, адточвалі дэталі, шмат рэпеціравалі, прагаворвалі словы, але галоўная падрыхтоўка, напэўна, ішла ўнутры кожнага з нас. Мы настройваліся адзін на аднаго, шукалі тую агульную хвалю, каб на сцэне гучаў адзін голас – голас нашай сям’і.

– Як прайшоў гэты адказны дзень?

– Калі ты выступаеш апошнім па ліку з 19 каманд, хваляванне назапашваецца з кожным наступным нумарам. Чым бліжэй быў наш выхад, тым мацней білася сэрца, асабліва ў дзяцей. Мы бачылі, як гарэлі вочы ў іншых удзельнікаў. Мы перажывалі і за сябе, і за іх. Трэба было адпавядаць высокаму ўзроўню, які задавалі канкурсанты. Глядзець на іх, апладзіраваць і разумець, што наш час яшчэ наперадзе. Гэта было хвалююча.

– Якая панавала атмасфера навокал?

– Атмасфера была цудоўная. У зале – неверагодная ўтульнасць і цеплыня, усё па-сямейнаму, па-дамашняму. Дзякуй за гэта арганізатарам свята. У той жа час, не пакідала хваляванне за дзяцей, якім давялося вытрымаць сур’ёзную нагрузку. Гэта быў іх дэбют, першы сур’ёзны вопыт выхаду на вялікую сцэну. І я бязмежна ганаруся імі: нашы дзеці праявілі валявы характар, сабраліся і выступілі, як сапраўдныя артысты. Для нас, дарослых, гэта таксама быў новы, не вядомы раней вопыт, але мы прайшлі яго разам, трымаючыся за рукі. Гэта ўмацавала нас яшчэ больш.

– Што адчуваеце, усведамляючы, што цяпер вы – “Сям’я года” Гродзеншчыны?

– Калі шчыра, мы яшчэ не можам да канца паверыць у гэта. Адчуваем сумесь вялікай радасці і ціхага, светлага гонару. Нам неверагодна прыемна, што журы і гледачы разгледзелі ў нас тую самую іскру, але галоўнае – гэты тытул для нас не проста ўзнагарода. Гэта пацвярджэнне таго, што быць сабой, быць шчырымі – гэта і ёсць галоўны сакрэт формулы шчасця. Мы шчаслівыя, што ёсць адзін у аднаго і што наша гісторыя адгукнулася ў сэрцах іншых людзей.

– Каму б вы хацелі сказаць “дзякуй” за падтрымку?

– Шчыра ўдзячны ўсім, хто ў нас верыў. Родным, сябрам, калегам – кожнаму, хто хварэў за нас, нават знаходзячыся далёка. Аднакласнікам, класным кіраўнікам, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алене Раманаўне Васкель і групе падтрымкі, якая ўвесь дзень правяла з намі, падтрымлівала нас. Дзякуй усёй камандзе сярэдняй школы № 3 г. Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча за падрыхтоўку нас на раённым этапе конкурсу. І, вядома, мы хочам сказаць словы падзякі Таццяне Сямёнаўне Нікіпорчык і Дар’і Сяргееўне Альшэўскай з Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мы цэнім вашу эмпатыю, чуласць. Дапамога кожнага на розных этапах, спагадлівасць і ўзаемаразуменне падарылі нам упэўненасць у станоўчым выніку. Мы гэта цэнім і пастараемся дастойна прадставіць нашу Дзятлаўшчыну і ўвесь Гродзенскі рэгіён у фінальным этапе конкурсу “Сям’я года”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

Похожие публикации